Пра гэта сам Зьміцер Кучук паведаміў 23 сьнежня ў Фэйсбуку.
«Скончылася мая выбарчая кампанія. На жаль, не ўдалося зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Фармальнай падставай для адмовы паслужыла памылка друку ў дакумэнтах», — напісаў Зьміцер Кучук.
У допісе ён таксама падзякаваў усім, хто быў побач зь ім «у гэты няпросты час», адзначыўшы, што для яго гэтыя людзі — героі, і ўсім, «хто не губляе надзеі і мае ўласнае меркаваньне, прыходзячы на выбарчы ўчастак».
«Рабіць выбар пад ціскам заўсёды няпроста, але бяз гэтага ніколі не будзе перамог», — адзначыў Кучук.
Пра намер удзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў Кучук паведаміў 20 лістапада. Ён тады адзначыў, што не спадзяецца атрымаць дэпутацкі мандат, але жадае стаць голасам беларусаў, якія застаюцца ў краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы старшыня ліквідаванай партыі «Зялёныя» заявіў пра намер удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах- Выбары ў Палату прадстаўнікоў і і ў мясцовыя Саветы павінны прайсьці 25 лютага 2024 году.
- Па стане на 23 сьнежня ў Менску 45 асобаў зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў выбарнікаў па вылучэньні сябе ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сярод іх — скандальны дэпутат Алег Гайдукевіч, Дзьмітры Шаўцоў, пад кіраўніцтвам якога Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічаў у вывазе дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны Беларусь, галоўны ідэоляг Лукашэнкі Вадзім Гігін, былы намесьнік начальніка МУС Аляксандар Барсукоў, адыёзны прапагандыст Аляксандар Шпакоўскі, дэпутат-камуніст Сяргей Клішэвіч, сьпікерка Генпракуратуры Анжаліка Курчак, якая змагаецца з чайлдфры ды іншыя.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.