У відэа песьня «Чакай мяне» сьпетая вуснамі 33 беларусаў, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі. Рэліз альбому адбудзецца ў бліжэйшы час.
Сярод герояў відэа — праваабаронца Леанід Судаленка, журналіст Алег Грузьдзіловіч, бізнэсвумэн Вольга Рытус, актывістка Кіра Баярэнка ды іншыя. У сьпісе герояў кліпа разам з імёнамі палітвязьняў даецца інфармацыя пра судзьдзяў, якія вынесьлі злачынныя прысуды.
«Чакай мяне, чакай мяне — і я вярнуся.
Чакай мяне, калі туга цераз край.
Чакай мяне ў радасьці, стоме і скрусе.
Чакай мяне, галоўнае — вельмі чакай...» — зьвяртаюцца палітвязьні да гледачоў відэа.
Песьня «Чакай мяне» прысьвечаная ўсім палітзьняволеным Беларусі.
«Кожнаму зьняволенаму вельмі хочацца, каб яго чакалі, каб на яго не забываліся, каб пра яго думалі — штодзень, штогадзіну, штохвіліну. І, калі вельмі чакаць, дык абавязкова дачакаесься. У кліпе песьню сьпяваюць былыя палітвязьні — тыя, хто прайшоў усе колы пекла беларускіх вязьніцаў», — кажа ў інтро да кліпу Лявон Вольскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: VOLSKI анансаваў альбом, прысьвечаны палітвязьнямПрацу над альбомам «Лісты палітвязьням», выхад якога чакаецца бліжэйшым часам, гурт VOLSKI абвесьціў у верасьні 2023 году разам з пачаткам аднайменнага грамадзка-палітычнага праекту, сумеснага з ініцыятывамі «Палітвязынка» і Dissident.by.
Падчас анонсу альбому паведамлялі, што ў альбоме будзе 12 твораў пад назвамі «Ліст № 1...», «Ліст № 2...» і г.д. Аўтары праекту зь ліку музыкаў і ініцыятыў, якія ўздымаюць праблемы палітвязьняў, заклікаюць пісаць лісты палітвязьням рэгулярна, нягледзячы на цяжкасьці.
«Мы маем усьведамленьне, што такі музычны праект неабходны, бо людзі забываюцца на палітзьняволеных. Маўляў, сядзяць там — ну і сядзяць. Казалі раней, калі саджалі на тры гады: ой, ды не адседзяць яны гэты тэрмін... Але людзі ўжо адседзелі і выйшлі. І з былымі палітвязьнямі трэба размаўляць пра гэта», — казаў Лявон Вольскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не дабіліся вызваленьня палітвязьняў». Падзея, параза, перамога, страты і героі 2023-га паводле Сьвятланы ЦіханоўскайПа стане на 23 сьнежня, у Беларусі сама меней 1483 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю, аднак неафіцыйная колькасьць ахвяраў палітычных рэпрэсій нашмат шырэйшая.