Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ўхвалілі праект зьменаў у закон аб прэзыдэнце. Тэкст законапраекту зьявіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Ён прадугледжвае прывядзеньне закону ў адпаведнасьць з абноўленай Канстытуцыяй і, сярод іншага, вызначае гарантыі для прэзыдэнта і ягонай сям’і, у тым ліку і пасьля спыненьня паўнамоцтваў.
Гарантыі прэзыдэнту, які выконвае свае паўнамоцтвы, уключаюць дзяржаўнае забесьпячэньне і абслугоўваньне. Іх пералік зацьверджаны ў абноўленай рэдакцыі. Сярод зьменаў — у дадатак да службовых жылых памяшканьняў прэзыдэнта мусяць забясьпечваць памяшканьнямі для часовага знаходжаньня і адпачынку. У пералік таксама дадалі пункты аб матэрыяльна-тэхнічным, сацыяльна-бытавым і іншым абслугоўваньні, а таксама ўрадавай і спэцыяльнай сувязі.
У новай рэдакцыі прапісана, што ўсе гарантыі для прэзыдэнта, за выключэньнем заробку, распаўсюджваюцца на чальцоў ягонай сямʼі на працягу тэрміна ягоных паўнамоцтваў.
Закон дапаўняецца разьдзелам аб гарантыях прэзыдэнту, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, і членам ягонай сямʼі (бацькі, муж\жонка, дзеці, у тым ліку паўналетнія).
Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў:
- становіцца дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, а зь яго згоды — і пажыцьцёвым сябрам Савета Рэспублікі (не распаўсюджваецца на прэзыдэнта, які спыніў выкананьне паўнамоцтваў празь няздольнасьць ажыцьцяўляць свае абвязкі па стане здароўя);
- зможа ўдзельнічаць у «кіраваньні некамэрцыйнымі арганізацыямі, заснаванымі ім у мэтах садзейнічаньня ўмацаваньню беларускай дзяржаўнасьці, рэалізацыі мерапрыемстваў у сацыяльнай, культурнай, адукацыйнай, спартовай і іншых грамадзка-карысных сфэрах»;
- будзе мець пажыцьцёвую дзяржаўную ахову;
- мае недатыкальнасьць, «ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, зьдзейсьненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў», яго ня могуць затрымаць ці судзіць у сувязі з гэтым; акрамя гэтага, недатыкальнасьцю будуць валодаць і члены ягонай сямʼі;
- таксама недатыкальнымі будуць жыльлё і службовыя памяшканьні, транспарт, сродкі сувязі, іншая маёмасьць, дакумэнты, экс-прэзыдэнта і ягонай сямʼі;
- захавае права на ранейшае «прэзыдэнцкае» мэдабслугоўваньне і транспартнае абслугоўваньне (ў парадку, які вызначаюць заканадаўчыя акты);
- жыцьцё і здароўе экс-прэзыдэнта мусіць быць абавязкова застрахаванае за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту;
- мае права на пажыцьцёвае штомесячнае грашовае ўтрыманьне, роўнае зарплаце дзейнага прэзыдэнта, устаноўленай заканадаўствам;
- бязвыплатна атрымае ва ўласнасьць на выбар дзяржаўную нерухомасьць для пражываньня, уключаючы «зямельны ўчастак з разьмешчанымі на ім капітальнымі пабудовамі, ізаляванымі памяшканьнямі, іншай нерухомай маёмасьцю» і «рухомую маёмасьць, зьвязаную з добраўпарадкаваньнем і эксплюатацыяй нерухомай», пры гэтым ён ня будзе плаціць падаходны падатак на гэтую маёмасьць;
- зможа мець памочнікаў, бясплатна карыстацца ўрадавай і спэцыяльнай сувязьзю;
- зможа бясплатна карыстацца залямі для афіцыйных асобаў і дэлегацый аэрапортаў і вакзалаў;
- кожны з чальцоў сямʼі былога прэзыдэнта пасьля ягонай сьмерці будзе атрымліваць грашовае ўтрыманьне ў памеры, прадугледжаным для прэзыдэнта, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў;
- крымінальныя справы аб злачынствах супраць прэзыдэнта, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, і ягонай сямʼі, будзе разглядаць Вярхоўны суд.
Праект зьмяшчае і новы артыкул аб тым, што «пахаваньне і ўвекавечаньне памяці прэзыдэнта, а таксама прэзыдэнта, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ажыцьцяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту».
Патрабаваньні да новага прэзыдэнту
У дакумэнце гаворыцца, што, у адпаведнасьці са зьменамі ў Канстытуцыю, «прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы або дазволу на жыхарства або іншага дакумэнта замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
На час абраньня прэзыдэнт павінен прыпыніць сваё сяброўства ў палітычных партыях і разьмясьціць заяву пра гэта ў СМІ. Таксама прэзыдэнт ня можа быць дэпутатам, сэнатарам займаць іншыя пасады, «калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй». З узнагароджаньняў, акрамя заробку, яму дазволена атрымліваць аўтарскія ўзнагароджаньні за творы навукі, літаратуры і мастацтва.
Яшчэ адно новаўвядзеньне — «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны».
Калі прэзыдэнта могуць зьняць з пасады і хто яго заменіць
У арт. 12 закона гаворыцца, што «прэзыдэнт можа быць зьняты з пасады Усебеларускім народным сходам у выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі або ўчыненьня дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства».
Прапанову аб зьняцьці з пасады мусяць унесьці сама меней траціна ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў або сама меней 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам. Для прыняцьця прапановы аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады за яе мусіць прагаласаваць большасьць ад поўнага складу Ўсебеларускага народнага сходу.
У выпадку вакансіі пасады прэзыдэнта або немагчымасьці выкананьня ім сваіх абавязкаў, ягоныя паўнамоцтвы пераходзяць да старшыні Савета Рэспублікі, які будзе кіраваць краінай, пакуль ня будзе абраны новы прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарантыі былому прэзыдэнту: Лукашэнка паміж Атамбаевым і Ельцыным