Галоўны рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка паведаміў «Нашай Ніве», што за адзін дзень выданьне падтрымалі данатамі 260 чалавек. Сума найвялікшага даната — 10 тысяч эўра.
Пра праблемы зь фінансаваньнем Reform.by Паўлючэнка паведаміў 21 сьнежня. Асноўны інстытуцыйны донар адмовіў выданьню ў падтрымцы без тлумачэньня прычынаў.
Фёдар Паўлючэнка ня стаў называць агульную суму атрыманай дапамогі, але адзначыў, што яна дазволіць Reform.by пратрымацца «нейкі час».
«Мне няёмка прасіць людзей дапамагаць нам, бо ёсьць больш значныя праблемы: сем’і палітзьняволеных, полк Каліноўскага і шмат іншых», — патлумачыў сытуацыю журналіст.
На яго думку, вырашыць праблемы з Reform.by і іншымі беларускімі мэдыя немагчыма праз данаты. Гэта павінна быць інстытуцыянальная падтрымка, найперш ад Эўразьвязу і ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае мэдыя Reform.by, якое сёлета атрымала прэмію ў галіне свабоды СМІ, апынулася пад пагрозай закрыцьцяПаводле яго, цяпер рэдакцыя на сувязі з эўрачыноўнікамі і офісам Сьвятланы Ціханоўскай.
На думку Паўлічэнкі, цяпер у Эўразьвязе ўтварыўся кансэнсус, што беларускія і расейскія мэдыя павінны аб’ядноўвацца, працаваць разам, паміж Расеяй і Беларусьсю ня робіцца розьніцы.
«Расейскія мэдыя, якія вымушаныя былі зьехаць за мяжу, у прыярытэце, а беларускія застаюцца па-за працэсам. Гэта памылка з боку эўрапейскіх палітыкаў. Беларускія мэдыя павінны быць адасобленыя ад расейскіх, іх ні ў якім разе нельга аб’ядноўваць з расейскімі кейсамі», — лічыць галоўны рэдактар Reform.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі сайт Reform.by атрымаў міжнародную прэмію Free Media AwardsReform.by як паўнавартаснае СМІ было створанае ў жніўні 2018 году. Яго ініцыявалі трое журналістаў — Аляксей Жукаў, Аляксандар Атрошчанкаў і Фёдар Паўлючэнка.
У жніўні 2021 году Мінінфарм Беларусі заблякаваў дамэн для беларускіх карыстальнікаў. Пасьля пачатку вайны блякаваць пачалі і расейскія цэнзары. Сайт выкінулі з расейскіх агрэгатараў навінаў і заблякавалі ў РФ.
Сёлета ў красавіку суполку сайта Reform.by у «Одноклассниках» абвясьцілі «экстрэмісцкай».
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.