На гэтыя ды іншыя пытаньні Ганьне Соўсь адказала сама Сьвятлана Ціханоўская.
«Сёлета было больш за 200 сустрэч на вышэйшым узроўні, 48 візытаў»
— Давайце паспрабуем фармат кароткіх пытаньняў і адказаў. У 2023 годзе працягвалася вайна Расеі супраць Украіны пры падтрымцы з боку рэжыму Беларусі, рэпрэсіі ў Беларусі сталі яшчэ больш жорсткімі. Што вы лічыце галоўнай падзеяй 2023 году для Беларусі?
— Адной падзеі ня вызначыць. Для мяне вельмі важная была беларуская партызанка. Вельмі балючай была сьмерць Алеся Пушкіна. Палітвязьняў перавялі ў рэжым інкамунікада, а з другога боку — маратон салідарнасьці. Новы закон рэжыму пра пашпарты і наш адказ — новы беларускі пашпарт. Ядзерная зброя і вагнэраўцы ў Беларусі.
— А для вас асабіста якая падзея 2023-га была галоўнай?
— Мабыць, калі я пабачыла свайго мужа Сяргея пасьля чутак пра ягоную сьмерць. Гэта было вельмі балюча. Спачатку яго не пазнала, але хаця б я зразумела на той момант, што ён жывы.
— А якая была галоўная падзея для дэмакратычных сілаў Беларусі?
— Ужо назвала Маратон салідарнасьці з палітвязьнямі. Міжнародная рэакцыя на выкраданьне ўкраінскіх дзяцей памагатымі Лукашэнкі. Запуск «стратэгічнага дыялёгу» з ЗША і Кансультатыўнай групы з ЭЗ. Запушчаная праца па стварэньні пашпарта новай Беларусі. Канфэрэнцыя «Новая Беларусь» і канфэрэнцыя ў Кіеве палку Кастуся Каліноўскага. Дэмакратычныя сілы пачалі кампанію за эўрапейскі выбар для Беларусі. Падрыхтаваная стратэгія пераходу да новай Беларусі і канцэпцыя кампэнсацыі шкоды рэпрэсаваным.
— 21 сьнежня я запісала інтэрвію з Вадзімам Пракоп’евым, які зьбіраецца вылучацца ў Каардынацыйную раду, ён згадваў пытаньні, якія задаваў вам у Ейльскім унівэрсытэце, а таксама папракнуў незалежныя СМІ, што яны не задалі вам вельмі важанае пытаньне. Я папрасіла яго агучыць гэтае пытаньне, каб потым адрасаваць яго вам у нашым эфіры. Пытаньне наступнае: «Ці разумее Сьвятлана маю задуму, ці разумее, што я не дэструктыў і мая задача — не адмяніць, не разбурыць, а паправіць? Калі яна гэта разумее, ці зможа яна ўзаемадзейнічаць з гэтым, бо ў гэтым і сэнс?»
— Я зыходжу з таго, што шаноўны Вадзім Пракоп’еў таксама хоча перамен, як і мы ўсе. Але я думаю, што ён надта сканцэнтраваны на маёй асобе. Наш посьпех і наша агульная перамога залежыць ад працы кожнага, а не ад адной Ціханоўскай. І калі ў спадара Пракоп’ева ёсьць добрыя ідэі, хай іх рэалізуе. Працы хопіць на ўсіх. А калі чалавеку здаецца, што ён нясе нейкі дэструктыў, то, можа, хай задасьць сабе пытаньне — чаму людзям так здаецца?
— Што б вы назвалі галоўнай паразай 2023-га для Беларусі?
— Разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі краіны, бо гэта вялікая частка нашага сувэрэнітэту. Таксама і прыход вагнэраўцаў. Зноў жа тут быў падарваны наш сувэрэнітэт. Працягваецца паглынаньне Беларусі Расеяй — у ідэалягічнай сфэры, у вайсковай, у адукацыйнай — практычна ва ўсіх. І тое, што мы не ў Беларусі і нашыя родныя ў вязьніцах.
— А паводле вас, якая галоўная параза 2023-га для Лукашэнкі?
— Ужо трэці год запар ён ня здольны перагарнуць старонку і легітымізаваць сябе. Ён выставіў сябе пасьмешышчам, паказаў сябе чалавекам, слова якога нічога ня значыць — у сытуацыі з Прыгожыным: абяцаў гарантыі, і ўсе пабачылі, чым гэта скончылася. Таксама рэжым прайграў галасаваньне ў ААН, рэжым ня выбралі ў Раду бясьпекі. Ніхто з дэмакратычных краін зь ім не сустрэўся. Ён спрабаваў зьняць санкцыі з калійных угнаеньняў, і нічога ў яго не атрымалася. Урэшце, міжнародны Чырвоны Крыж выключыў беларускую арганізацыю з агульнай арганізацыі, гэта таксама аплявуха рэжыму.
— А галоўная параза для дэмакратычных сілаў?
— Не дабіліся вызваленьня палітвязьняў. Для мяне асабіста гэта канфлікт Белпол/Байпол.
— Як на маё ўражаньне, узровень і інтэнсіўнасьць міжнародных візытаў вашых і вашай каманды ў 2023 годзе практычна тыя ж самыя, як і год, і два таму. Колькі ў вас было замежных візытаў у 2023-м?
— У панядзелак мне назвалі лічбу, што ў нас было сёлета больш за 200 сустрэч на вышэйшым узроўні, і за ўвесь год было 48 візытаў. Вялікая лічба.
— Якія зь іх вы лічыце найбольш выніковымі?
— Я б адзначыла сустрэчу з Маяй Санду, адносіны з Малдовай. Упершыню краіна не Эўразьвязу запрасіла мяне, дэмакратычныя сілы зь візытам. Таксама вельмі важная падзея — стратэгічны дыялёг з ЗША. Гэта ўдзел у Давоскім форуме. Запрашэньне на саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ўпершыню, разам з 30 прэм’ерамі і прэзыдэнтамі. Таксама Саміт Рады Эўропы і саміт NATO. Былі сёлета сустрэчы з Байдэнам, Шольцам, Урзуляй фон дэр Ляен. Кожная сустрэча важная, калі яна практычная.
— Колькі вы мелі непрацоўных дзён у 2023-м? І як іх правялі?
— Рэальна — два тыдні адпачынку ўлетку зь дзеткамі. Нармальных выходных на тыдні фактычна і не было. Але калі яны здараліся, я праводзіла іх зь дзецьмі, або займалася хатнімі справамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Барацьба беларусаў увасабляе каштоўнасьці Эўрапейскага зьвязу». Прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту і Ціханоўская апублікавалі сумесны артыкул«Імпатэнтнасьць міжнародных арганізацый і структур, якія няздольныя ні спыніць Расею, ні прыцягнуць да адказнасьці дыктатараў»
— Хто для вас герой, героі 2023 году?
— Відавочна, што гэта Алесь Пушкін, які ўвасабляе сабой палітвязьняў, увогуле ўсе беларускія палітвязьні. Tor Band, арганізатары і ўдзельнікі маратону салідарнасьці з палітвязьнямі, нашыя ваяры-каліноўцы, партызаны і кібэрпартызаны, незалежныя журналісты і блогеры. І кожны беларус, які працягвае нашу барацьбу.
— Хто для вас антыгерой, чалавек, людзі, якія нясуць бяду Беларусі і сьвету?
— Лукашэнка і Пуцін. І ўсе тыя памагатыя, якія дапамагаюць ім. Гэта і вайскоўцы, якія спрыяюць вайне, і сілавікі, якія ўдзельнічаюць у тэроры, і судзьдзі, якія кідаюць людзей за краты.
— Што ці хто сталі для вас галоўным адкрыцьцём у 2023-м?
— Беларусы, якія працягваюць барацьбу ўнутры краіны, нягледзячы на тэрор. Гэта відавочна і неарыгінальна. Мне часта звоняць і расказваюць, што робяць на зямлі. На жаль, нельга расказаць пра гэта ў паблік. Але я кожны раз пераконваюся, што мы нязломны народ і мы выстаім, калі ў нас такія людзі.
— Што ці хто сталі для вас галоўным расчараваньнем у 2023-м?
— Імпатэнтнасьць міжнародных арганізацый і структур, якія няздольныя ні спыніць Расею, ні прыцягнуць да адказнасьці дыктатараў. Нібыта ёсьць столькі інструмэнтаў, але ці то не хапае палітычнай волі, ці разуменьня, ці проста здольнасьці прымаць рашэньні. Гэта вельмі балюча, бо Лукашэнка так і не атрымаў свой заслужаны ордэр на арышт. У нас ёсьць усе доказы, усе мэханізмы, але ж чамусьці гэта справа ня рухаецца.
Расчароўваюць і тыя ў нашай дэмакратычнай супольнасьці, хто замест працы аддае перавагу ўнутраным разборкам. Як быццам бы мы ўжо ўсе праблемы вырашылі і дыктатуру перамаглі. Змагацца са сваімі цікавей і прасьцей, і ня так страшна.
— Якая для вас самая вялікая страта 2023 году?
— Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч. Нашыя добраахвотнікі, якія аддалі свае жыцьці за свабоду Ўкраіны і за гонар Беларусі, а гэта каля 40 чалавек. Вялікая страта — цэлы год жыцьця, скрадзены ў дзяцей і родных палітвязьняў, які яны пражылі без сваіх блізкіх.І цэлы год скрадзенага жыцьця за кратамі.
— Тое, што вы выбралі для інтэрвію чорны колер (маю на ўвазе колер вашага швэдра), — гэта не выпадковасьць?
— Гэта колер, які суправаджае мяне ўсе гэтыя тры гады, бо кожны дзень напоўнены болем. Ёсьць і белае, і іншае адзеньне, але ж сумна, сумна.
— Чаго вы не чакаеце ад 2024 году?
— Я не чакаю, што будзе лёгка. Я не чакаю нейкіх цудаў, ці што зьявіцца нейкі мэсія і вырашыць усе праблемы за нас. Гэта наш з вамі абавязак. Я не чакаю, што Лукашэнку ўдасца перагарнуць старонку і вярнуцца і зь беларусамі, і з нашымі дэмакратычнымі партнэрамі да business as usual.
— Чаго чакаеце ад 2024 году?
— Не люблю гэтага слова — чакаць. Чакаць і спадзявацца, што нешта зьменіцца, — гэта шлях у нікуды. Я разумею, што трэба рабіць. Кожны дзень. Кожны хто што можа, каб зьмяніць сытуацыю. На адным чаканьні і на адной веры далёка не паедзеш. Я чакаю больш перамог і менш нагодаў для расчараваньня. У новым годзе будзем яшчэ больш працаваць, дабівацца вызваленьня палітвязьняў, дамагацца новых выбараў, падтрымліваць Украіну, умацоўваць сваю суб’ектнасьць і на міжнароднай арэне і трымацца разам.
— Якая ідэя, пасыл будуць пераважаць у вашым навагоднім звароце да беларусаў?
— Будзе пра падтрымку, салідарнасьць і веру ў саміх сябе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім палітыкам лепей спыніць сваркі і аб’яднацца вакол Ціханоўскай, — прафэсар Марплз