Тэлеканал Белсат інфармуе, што ў варшаўскім шпіталі памерла журналістка і рэдактарка Марына Бірукова.
Марына Бірукова працавала ў беларускіх незалежных выданьнях: часопісе «Большой», выдавецтве «Нестар — Менск», узначальвала газэту «Віртуальныя радасьці».
29 лістапада Марыну зьбіў аўтобус у цэнтры Варшавы, калі яна пераходзіла дарогу. Зь месца здарэньня яе забрала хуткая дапамога ў цяжкім стане, выратаваць яе не ўдалося.
22 сьнежня адбылося разьвітаньне з Марынай. Яе, паводле «Нашай Нівы», пахавалі на радзіме.
«Цудоўны, уважлівы, шчыры і прафэсійны быў чалавек. Вельмі шкада, што так склаўся лёс», — напісаў у Фэйсбуку Тарас Тарналіцкі.
«Востры розум і добрае сэрца ў адным чалавеку — сапраўднае багацьце, якое сустракаецца ня кожны дзень. Марына Бірукова была такім чалавекам», — таксама ў Фэйсбуку напісаў пра Марыну Максім Швед.
- На пачатку сьнежня 2023 году стала вядома, што беларуса Дзяніса Казлоўскага знайшлі мёртвым у варшаўскім гостэле.
- У лістападзе стала вядома пра сьмерць беларуса ў нямецкім лягеры ўцекачоў Цырндорф. «48-гадовы Віктар Алексіевіч раптоўна памёр на тэрыторыі лягеру. Прычына сьмерці невядомая», — гаварылася ў паведамленьні праваабаронцаў з «Гомельскай Вясны».