Сёлета ляўрэатаў пяцёра: Праваабарончы цэнтар «Вясна» зь Беларусі, праваабаронца з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Жульен Люсэнж, Аманскі Цэнтар дасьледаваньняў у галіне правоў чалавека зь Ярданіі, актывіст і грамадзкі дзяяч з Уругваю Хуліё Пэрэйра Санчэс, а таксама глябальная кааліцыя арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, карэнных народаў, грамадзкіх рухаў і мясцовых супольнасьцяў. Пра гэта паведамляецца на сайце прэміі.
Ляўрэатаў прэміі абраў Адмысловы камітэт спаміж больш як 400 намінацыяў, атрыманых ад дзяржаваў-чальцоў, інстытуцыяў ААН і грамадзянскай супольнасьці.
Цырымонія ўручэньня прэміі 2023 году адбылася ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў межах мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню правоў чалавека. Генэральны сакратар Антонію Гутэрыш выступіў на цырымоніі ўручэньня прэміі і адзначыў, што сёньня правы чалавека пад пагрозай ва ўсім сьвеце, і праваабаронцы — гэта «сьвятло ў цемры».
«Летась былі забітыя амаль 450 праваабаронцаў, журналістаў і прафсаюзных дзеячоў. На 40% больш, чым летась. 33 чалавекі бясьсьледна зьніклі: ашаламляльны рост на 300% у параўнаньні з 2021 годам. У гэтым кантэксьце сёньняшняя прэмія ў галіне правоў чалавека набывае яшчэ большае значэньне», — сказаў генэральны сакратар ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2020 годзе ўлады рэпрэсавалі 18 сяброў і валянтэраў Праваабарончага цэнтру «Вясна»На цырымоніі прысутнічала праваабаронца «Вясны» Алена Масьлюкова. У сваёй прамове яна адзначыла, што гэта вялікі гонар для праваабарончага цэнтру і ўсіх беларускіх праваабаронцаў. Яна зьвярнула ўвагу, што гэта нагода працягваць працу і рабіць яе пасьлядоўна і сумленна: у Беларусі працягваецца перасьлед людзей паводле палітычных прыкметаў, катаваньні беларусаў і беларусак у месцах зьняволеньня, а правы чалавека для дзяржавы — не каштоўнасьць.
Заснаваная Генэральнай Асамблеяй ААН у 1966 годзе, прэмія была ўпершыню прысуджаная ў 1968 годзе, у дзень, які цяпер вядомы як Дзень правоў чалавека, 10 сьнежня. Яна прысуджаецца кожныя пяць гадоў за «выдатныя дасягненьні ў галіне правоў чалавека». Сярод ранейшых атрымальнікаў былі Джымі Картэр, Нэльсан Мандэла, Элеанора Рузвэльт, Малала Юсафзай і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа.
«Вясну» намінаваў фонд Right Livelihood. Намінацыю падтрымалі калегі вясноўцаў зь Беларускага Хэльсынскага камітэту і Міжнароднай Фэдэрацыі правоў чалавека.
Пяцёра чальцоў «Вясны» застаюцца за кратамі: старшыня Алесь Бяляцкі, намесьнік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімер Лабковіч, каардынатарка валянтэрскай службы Марфа Рабкова, валянтэр Андрэй Чапюк.