Ва Ўкраіне легалізавалі мэдычны канабіс

Ілюстрацыйнае фота

Вярхоўная Рада Ўкраіны ў другім чытаньні прыняла законапраект аб легалізацыі мэдычнага канабісу. «За» прагаласавалі 248 дэпутатаў, 16 — «супраць», 33 устрымаліся, яшчэ 40 не галасавалі.

Размовы наконт неабходнасьці легалізацыі мэдычнай марыхуаны ішлі ва Ўкраіне з 2016 году. У ліпені 2023 году законапраект ухвалілі ў першым чытаньні. Да гэтага заклікаў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі — ён падтрымаў ініцыятыву яшчэ падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі ў 2019 годзе.

«Мы павінны нарэшце сумленна легалізаваць для ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу, лекі на аснове канабісу. Адпаведныя навуковыя дасьледаваньні і кантраляваную ўкраінскую вытворчасьць», — заявіў ён.

Адна з прычын, дзеля якіх дэпутаты пагадзіліся легалізаваць лекі на аснове канабісу, — вайна. Зяленскі адзначаў, што Ўкраіна мае намер стварыць наймацнейшую ў Эўропе галіну мэнтальнай і фізычнай рэабілітацыі. Легалізацыю падтрымлівалі вядомыя ўкраінцы, сярод якіх журналісты, спартоўцы, палітыкі, навукоўцы і лекары. Актывісты таксама адзначалі, што легалізацыя мэдычнай марыхуаны можа дапамагчы людзям, якія цярпяць на посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына плянуе легалізаваць марыхуану
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не трываць боль». Як ужываюць марыхуану ў лячэбных мэтах у сьвеце і ці магчыма гэта ў Беларусі