З пачатку сьнежня беларускія суды разгледзелі пазовы аб ліквідацыі яшчэ 11 грамадзкіх аб’яднаньняў

Ілюстрацыйнае фота

З пачатку сьнежня 2023 году беларускія суды разгледзелі пазовы аб ліквідацыі 11 грамадзкіх аб’яднаньняў. У наступныя дні чакаецца разгляд яшчэ трох пазоваў аб ліквідацыі, вынікае з раскладаў паседжаньняў беларускіх судоў, анонсы якіх публікуе «Позірк».

Вынікі судовых рашэньняў не заўсёды можна даведацца апэратыўна, але пераважна яны нэгатыўныя для грамадзкіх аб'яднаньняў.

З пачатку сьнежня Менскі гарадзкі суд і Берасьцейскі абласны суд разгледзелі пазовы аб ліквідацыі наступных аб'яднаньняў:

  • Берасьцейскае абласное грамадзкае абʼяднаньне прававой дапамогі спажыўцам, зарэгістраванае ў 2018 годзе (5 сьнежня, Берасьцейскі абласны суд).
  • Спартовае грамадзкае абʼяднаньне «Лібэртата». Зарэгістравана ў 2018 годзе, займалася разьвіцьцём розных відаў харэаграфіі (5 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
  • Рэспубліканскае грамадзкае абʼяднаньне «Сьвятая Сафія». Зарэгістравана ў 1997 годзе (6 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
  • Гарадзкое навукова-асьветніцкае грамадзкае абʼяднаньне «Таварыства эстэтычнай гінэкалёгіі», зарэгістраванае ў 2018 годзе (12 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
  • Фэліналягічны клюб «Юніён Кэтс», зарэгістраваны ў 2011-м (12 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
  • Цэнтар гімнастыкі «Страказа». Зарэгістраваны ў 2017 годзе, спэцыялізаваўся на гімнастыцы для дзяўчатак ад 3 да 10 гадоў (19 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
  • Берасьцейскае гарадзкое спартовае грамадзкае абʼяднаньне «Фэдэрацыя сынхроннага плаваньня», зарэгістраванае ў 2015 годзе (19 сьнежня, Берасьцейскі абласны суд)
  • Моладзевае грамадзкае абʼяднаньне «Інтэлект. Інфармацыя. Прагрэс», зарэгістраванае ў 2004 годзе (19 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
  • Моладзевае грамадзкае абʼяднаньне «Спартовы клюб «Тэндай». Зарэгістраваны ў 2015 годзе, спэцыялізаваўся на каратэ (19 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
  • Беларускае энтамалягічнае таварыства. Зарэгістравана ў 2014 годзе, базавалася ў Інстытуце заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (19 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
  • Рэспубліканскае грамадзкае абʼяднаньне «Бацькі і настаўнікі за адраджэньне праваслаўнай адукацыі». Зарэгістравана ў 2002 годзе. Праўладная арганізацыя, якая прасоўвала праваслаўе ў школах і выступала супраць полавай асьветы дзяцей (20 сьнежня, Менскі абласны суд).

Таксама ў Менскім гарадзкім судзе на 22 сьнежня заплянаваны разгляд пазову Міністэрства аб ліквідацыі Беларускага цэнтру Міжнароднага інстытута тэатру (зарэгістраваны ў 1993 годзе), а 26 сьнежня — аб ліквідацыі Міжнароднага таварыства навукоўцаў тэхнічнай адукацыі (зарэгістравана ў 1995 годзе) і і Беларускай прафэсійнай фэдэрацыі дартсу (зарэгістравана ў 2008 годзе).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наступствы мы будзем яшчэ доўга расхлёбваць». За што і як ліквідуюць недзяржаўныя арганізацыі

Паводле інфармацыі праваабаронцаў Lawtrend, на канец лістапада 2023 году сама меней 949 некамэрцыйных арганізацый Беларусі знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі. Яшчэ сама меней 532 арганізацыі на канец лістапада прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі. Як адзначаюць праваабаронцы, такія рашэньні прымаюцца перш за ўсё з прычыны ціску на сяброў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя, агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі, а таксама часта пад ціскам уладаў на НКА аб прыняцьці адпаведнага рашэньня.

За пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца лістапада 2023 году ў Беларусі зьліквідавана ня менш як 1481 некамэрцыйная арганізацыя (НКА) — аб’яднаньні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі, гаворыцца ў лістападаўскім аглядзе Lawtrend.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.