Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
«Зьмены будуць датычыць людзей, якія вельмі патрабуюць сацыяльнай падтрымкі»
— 13 сьнежня быў прыняты закон 318-3 «Аб зьмяненьні законаў па пытаньнях сацыяльнага абслугоўваньня і сацыяльных выплат». Ім уводзяцца зьмены ў сацыяльным абслугоўваньні і сацыяльных выплатах. Сярод іншага, уводзіцца ліцэнзаваньне сацыяльных паслугаў, зьмянілі крытэрыі, па якіх будуць вызначаць, што чалавек можа іх атрымаць. Дамы-інтэрнаты пераймянуюць, а трапіць у іх можа стаць больш складана. Каго найперш будуць тычыцца зьмены і якія?
Аліса Рыжычэнка: Зьмены ўносяцца кардынальныя. Гэта тычыцца ліцэнзаваньня сацыяльных паслугаў. Яшчэ ў 2017 годзе было ўведзенае правіла, што сацыяльныя паслугі маглі аказвацца ў тым ліку фізычнымі асобамі і некамэрцыйнымі арганізацыямі. На жаль, у нас гэта была практычна адна арганізацыя — Таварыства Чырвонага Крыжа, якое моцна падпадала пад палітычны ўплыў з боку рэжыму. У любым разе аказвалася сацыяльная падтрымка ня толькі з боку дзяржаўных органаў, але і фізычныя асобы і некамэрцыйныя арганізацыі маглі аказваць сацыяльную падтрымку тым, што мае ў ёй патрэбу. Цяпер гэта робіцца практычна немагчымым у сувязі зь ліцэнзаваньнем сацыяльных паслугаў. Сацыяльныя паслугі змогуць аказваць толькі акрэдытаваныя арганізацыі, а мы ведаем, якім чынам у нас атрымліваюць ліцэнзіі.
Калі гаварыць пра зьмены, крытэры і мэханізмы, якія яны ўводзяць для вызначэньня, ці мае чалавек патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, то іх можна трактаваць дваяка. Уводзяць сацыяльны паказьнік наконт наяўнасьці безбар’ернага асяродзьдзя, выгодаў, гарачай вады, ліфта ва ўласным жытле пэнсіянэра. Калі гэта ёсьць, то яму будзе адмоўлена ў пражываньні ў інтэрнатах, якія будуць перайменаваныя ў пансіянаты, і яму будзе прадстаўленая адрасная сацыяльная дапамога (нейкія людзі, якія будуць прыходзіць дадому). Людзей ня будуць забіраць у спэцыяльныя ўстановы, дзе ім змогуць аказаць максымальную сацыяльную дапамогу і падтрымку, а будуць спрабаваць пакідаць іх жыць у сябе дома.
Магчыма, будуць дваяка трактаваць крытэры, па якіх будзе прызначацца ці не прызначацца дапамога. Там ёсьць фразы, што будуць дасьледаваць сацыяльнае атачэньне людзей. Умоўна, калі яно не спадабаецца сацыяльным органам ці, наадварот, скажуць, што ёсьць людзі, якія могуць дапамагаць пэнсіянэрам, то ў такім выпадку ў падтрымцы адмовяць.
Зьмены наконт беспрацоўя, наяўнасьці дзяцей з псыхафізычнымі адхіленьнямі, будуць мець сур’ёзныя наступствы. Ня ўсе дзеці з псыхафізычнымі адхіленьнямі прызнаныя інвалідамі. Бацькі часта вымушаныя заставацца дома, яны ня маюць магчымасьці выйсьці на працу на поўны дзень. Частковая занятасьць у Беларусі працуе вельмі дрэнна. Цяпер, калі дзіця не прызнанае інвалідам, аб сацыяльнай падтрымцы ня можа ісьці гаворкі. Гэты зьмены будуць тычыцца людзей, якія вельмі патрабуюць сацыяльнай падтрымкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьнікае «беларускі сацыяльны пакет»«Гэта будзе тычыцца людзей у рэгіёнах, тых, хто ня можа знайсьці сабе працу»
Вольга Карач: За час кіраваньня Лукашэнкі сацыяльныя ільготы розным групам увесь час скарачаюцца. Гэты закон — не выключэньне. Гэта яркі сыгнал, што дзяржава спрабуе скінуць зь сябе цяжар клопату пра розныя сацыяльныя групы, найперш пра інвалідаў, пэнсіянэраў і, уласна, усіх, хто апынуўся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі. Максымальны ўпор робіцца на тое, каб людзей пакінуць дома, не плаціць за іх утрыманьне ў інтэрнатах. Максымальна зрабілі крытэры больш жорсткімі.
Увялі крытэр, што беспрацоўе не зьяўляецца крытэрам, па якім чалавек можа прэтэндаваць на дапамогу. Або адсутнасьць працаздольных дзяцей, якія таксама маглі б дапамагаць. Гэта вельмі важныя моманты, якія найперш будуць тычыцца людзей у рэгіёнах, тых, хто ня можа знайсьці сабе працу. У малых гарадках вельмі вялікае беспрацоўе, і чалавеку перадпэнсійнага ці пэнсійнага ўзросту, які хварэе, цяжка знайсьці працу.
Я б зьвярнула ўвагу на пытаньне ліцэнзаваньня. Раней быў дзяржаўны фокус на тое, што дзеці-сіроты павінны зьмяшчацца ў дамы сямейнага тыпу. Сем’і маглі браць некалькі дзяцей і выхоўваць іх. З 2018 году адбыўся рэзкі разварот, дзяцей пачалі зьмяшчаць у інтэрнаты, пачалі скарачаць колькасьць дамоў сямейнага тыпу. Пад рознымі зачэпкамі забіралі дзяцей. Цяпер мы бачым, што сіроцтва ёсьць крытэрам для зьмяшчэньня ў інтэрнат — тым ня менш атрымаць сямʼі ліцэнзію на арганізацыю дома сямейнага тыпу будзе практычна немагчыма.
Гэта азначае, што дзяцей будуць трымаць у інтэрнатах, і ня будзе гаворкі пра знаходжаньне ва ўмовах, максымальна набліжаных да сямʼі. Я лічу, што закон даволі рэпрэсіўны, як і ўсё заканадаўства апошнім часам. Ён моцна ўдарыць па неабароненых групах людзей. Тэндэнцыя скарачэньня сацыяльных ільготаў для тых, хто мае ў іх патрэбу, будзе ўзмацняцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўводзяць зьмены ў сацыяльным абслугоўваньні, пэнсіях і дапамогах. Законапраект раней крытыкавалі дэпутаты