Суд матываваў сваё рашэньне датычнасьцю Трампа да падзеяў 6 студзеня 2021 году, калі натоўп ягоных прыхільнікаў уварваўся ў памяшканьне Кангрэсу ЗША з мэтай сарваць сэртыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог Джо Байдэн.
Рашэньне вынесенае ў адказ на пазоў групы выбарнікаў у Каларада, якія сьцьвярджалі, што экс-прэзыдэнт Дональд Трамп, які выставіў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году, ня мае права выбірацца ў прэзыдэнты паводле 14 папраўкі да Канстытуцыі. У ёй гаворыцца, што чалавек, які прынёс у мінулым прысягу на вернасьць ЗША як службовая асоба, ня можа выбірацца і ня можа займаць дзяржаўныя пасады на фэдэральным і штатным узроўні, калі ён быў датычны да мяцяжу або паўстаньня супраць Злучаных Штатаў.
Суд ніжэйшай інстанцыі ў Каларада раней адмовіў у пазове на падставе таго, што ў Канстытуцыі дакладна не гаворыцца, што забарона таксама тычыцца пасады прэзыдэнта. Вярхоўны суд штату не пагадзіўся з такой інтэрпрэтацыяй Канстытуцыі і прыйшоў да высновы аб датычнасьці Дональда Трампа да мяцяжу і аб тым, што канстытуцыйная забарона распаўсюджваецца і на патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты.
«Прэзыдэнт Трамп падбухторваў і заахвочваў гвалт і незаконныя акцыі, мэтай якіх быў зрыў працэдуры мірнай перадачы ўлады», — гаворыцца ў рашэньні суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн заявіў, што мог бы не ісьці на другі тэрмін, калі б у выбарах зноў ня ўдзельнічаў ТрампСуд адклаў набыцьцё рашэньнем моцы да 4 студзеня 2024 году з тым, каб даць магчымасьць Трампу апратэставаць яго ў Вярхоўным судзе ЗША. Прадстаўнікі выбарчага штабу Трампа ўжо заявілі пра намер падаць апэляцыю і асудзілі рашэньне суду ў Каларада як «спробу ўмяшаньня лібэральных судзьдзяў-дэмакратаў у выбарчы працэс».
Прадстаўнік пазоўнікаў назваў пастанову суду «ня толькі гістарычнай і справядлівай, але і неабходнай для абароны будучыні дэмакратыі ў краіне».
Рашэньне суду было сэнсацыйным, бо да гэтага часу спробы дыскваліфікаваць Трампа ў двух іншых штатах былі адпрэчаныя мясцовымі судамі на працэдурных падставах. Калі рашэньне Вярхоўнага суду Каларада не адменіць Вярхоўны суд ЗША, то ў супернікаў Трампа ў іншых штатах зьявіцца магчымасьць не дапусьціць унясеньня ягонага імя ў выбарчыя бюлетэні. Падобны пазоў да Дональда Трампа разглядае Вярхоўны суд Мічыгану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд адхіліў хадайніцтва Трампа аб спыненьні крымінальнай справы супраць яго на падставе прэзыдэнцкага імунітэту