Грамадзянку Ўкраіны асудзілі на 2,5 гады за здымкі расейскай вайсковай тэхнікі

Кацярына Бруханава, архіўнае фота

Прысуд Кацярыне Бруханавай быў абвешчаны яшчэ 13 кастрычніка, але вынікі суду сталі вядомыя цяпер, калі пракуратура паведаміла, што прысуд пакінуты бязь зьменаў, а апэляцыйная скарга без задавальненьня.

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна адправіла ў СМІ два відэа расейскай вайсковай тэхнікі, за што яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 1 арт. 371-1 Крымінальнага кодэксу.

У Берасьцейскім абласным судзе справу разглядаў судзьдзя Андрэй Сіз, пракурорам быў Аляксандар Бацюшка, вядомы па многіх іншых палітычных справах, у тым ліку прадстаўляў абвінавачаньне на судзе над расейскай грамадзянкай Ірынай Вікхольм, якой прысудзілі калёнію.

Кацярына Бруханава зьяўляецца грамадзянкай Ўкраіны, родам з горада Херсону, пісала «Берасьцейская Вясна».

Паводле праваабаронцаў, яна адвучылася ў Кітаі, скончыла там унівэрсытэт у 2015 годзе, а ў 2016 годзе пераехала ў Беларусь. У Беларусі працавала перакладчыцай з кітайскай. На момант прысуду Кацярыне было 29 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 арыштаў, татуіроўка «23.34». Што вядома пра Аляксандру Каско, якую пасьля вяртаньня ў Беларусь асудзілі на 10 гадоў

25 ліпеня 2023 году Бруханаву затрымалі пры пераходзе беларускай мяжы. Ад яе запатрабавалі на праверку тэлефон, яна дала яго разам з паролямі. Беларускія сілавікі знайшлі, што 30 сакавіка 2022 году яна адправіла два відэа ў чат-бот рэдакцыі выданьня «Люстэрка». На відэа было перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі пад Менскам, якое яна зьняла.

За гэтыя два відэа жанчыну затрымалі, зьмясцілі ў СІЗА. Ёй выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), паколькі беларускія ўлады лічаць незалежнае СМІ «Люстэрка» так званым «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Кацярына на судзе свае дзеяньні тлумачыла тым, што спалохалася і раззлавалася, калі ўбачыла шмат тэхнікі з літарамі «Z» і «V». Яна расказала, што ў яе на радзіме гэтыя знакі лічацца варожымі. А ў СМІ адправіла таму, што хацела даведацца, што адбываецца, бо нідзе пра рух такой тэхнікі не пісалі.