Жанчына вярнулася ў Беларусь і атрымала 10 гадоў зьняволеньня

Аляксандра Каско

19 сьнежня судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Дзьмітрый Бубенчык асудзіў Аляксандру Каско на 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Як паведамілі праваабаронцы, Аляксандра Каско абвінавачвалася па 8 артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (Зьнявага прадстаўніка ўлады); арт. 391 (Зьнявага судзьдзі або народнага засядальніка); ч. 1, 2 арт. 368 (Зьнявага прэзыдэнта); ч. 1, 2 арт. 361-1 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім); ч. 1, 2 арт. 361-4 (Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці); ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта); ч. 3 арт. 203-2 (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных); ч. 3 арт. 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы).

30-гадовую Аляксандру Каско затрымалі 9 лютага пасьля прыезду ў Беларусь. На наступны дзень cудзьдзя суду Ваўкавыскага раёну Мікалай Талашка арыштаваў яе на 10 сутак паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Пасьля арышту яна на волю ня выйшла, супраць яе завялі крымінальныя справы.

Яшчэ да суду, 12 верасьня 2023 году, КДБ унёс Аляксандру Каско ў «сьпіс тэрарыстаў». Таксама яе дадалі ў «сьпіс экстрэмістаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў. «Кашы можа есьці і ня скардзіцца» — што вядома пра дырэктара газэты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 сьнежня: швачак з «Элемы» затрымалі за белыя і чырвоныя стужкі; 5 гадоў калёніі за данаты палку Каліноўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі ў закрытым рэжыме жанчыну судзяць за «агентурную дзейнасьць»