Маляваныч выпусьціў кнігу для дзяцей

Аляксандар Ждановіч. Архіўнае фота

Вядомы па ролі Маляваныча актор Аляксандар Ждановіч выпусьціў кнігу з касьмічнай казкай для дзяцей «Кропля ў космасе».

«Пра што мараць хлопчыкі і дзяўчаткі? Пра порцыю смачнага марозіва? А можа, пра новы смартфон ці кампутарную гульню? А ці ведаеце вы, пра што марыла адна гарэзьлівая дажджавая кропля, калі ляцела са страшэннай вышыні на зямлю? Даведаецеся пра гэта, прачытаўшы казку „Кропля ў космасе“. Напісаў яе адзін чароўны дзядзька, які так даўно жыве на сьвеце, што, калі вашыя мамы і таты былі такія, як вы цяпер, ён ужо расказваў ім казкі перад сном! Бо жыцьцё — гэта цуд! Як добрая казка!» — расказаў у Facebook Аляксандар Ждановіч.

Кніга выйшла ў выдавецтве Slowianka, а ілюстрацыі для яе падрыхтавала Эльга Папова. Кнігу ўжо можна заказаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомы актор Аляксандар Ждановіч — Маляваныч — выехаў зь Беларусі

Актор Аляксандар Ждановіч, найбольш вядомы як Маляваныч зь дзіцячай праграмы «Калыханка», вымушана пакінуў Беларусь летась у лютым.

У апошнія тыдні перад эміграцыяй на яго ціснулі, акторам цікавіліся спэцслужбы, выклікалі на допыт у Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў.

Да таго актора звольнілі з тэатру імя Горкага і асудзілі на 9 дзён арышту за ўдзел у адным з пратэставых маршаў. Увосень 2020-га Аляксандар неаднаразова заяўляў, што выбары прэзыдэнта ў Беларусі сфальсыфікавалі, ён актыўна пісаў пра гэта ў сацыяльных сетках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчыма разьвіваць беларускую культуру за мяжой? Адказваюць удзельнікі фэстывалю «Тутака»