У выніку землятрусу загінулі сама меней 118 чалавек і сотні атрымалі раненьні, паведамляе Reuters са спасылкай на кітайскія дзяржаўныя СМІ.
У Ганьсу, паводле апошніх зьвестак, 105 чалавек загінулі, яшчэ 397 параненых, 16 зь іх знаходзіліся ў крытычным стане, паведамілі ўлады правінцыі на прэс-канфэрэнцыі. Колькасьць загінулых у Цінхаі вырасла сама меней да 13, яшчэ сама меней 182 чалавекі параненыя, паведамляюць дзяржаўныя СМІ.
Паводле зьвестак кітайскіх дзяржаўных СМІ, у зоне бедзтва парушана водазабесьпячэньне, пашкоджаны лініі электраперадач, а таксама аб’екты транспартнай інфраструктуры. Толькі ў правінцыі Ганьсу пашкоджана 4782 дамы, паведаміла мясцовае кіраўніцтва.
Улады мабілізавалі шэраг экстраных службаў, але выратавальныя работы могуць стаць складанымі пры мінусавых тэмпэратурах. Большая частка Кітая змагаецца з марозам, бо хваля холаду, якая пачалася на мінулым тыдні, працягвае каціцца па краіне.
Землятрусы — нярэдкая зьява ў заходніх правінцыях Кітаю, такіх як Ганьсу, якія ляжаць на ўсходняй мяжы Цынхай-Тыбэцкага плято, тэктанічна актыўнай вобласьці. Адзін з найбольш разбуральных землятрусаў апошніх гадоў у Кітаі адбыўся ў траўні 2008 году ў правінцыі Сычуань, тады загінулі больш за 87 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Землятрус у Турэччыне і Сырыі: колькасьць загінулых перавысіла 20 тысячаў