ЗША і Фінляндыя падпісалі пагадненьне аб пашырэньні вайсковага супрацоўніцтва

Пагадненьне павінна забясьпечыць сумесную падрыхтоўку войскаў і апэратыўную сумяшчальнасьць узброеных сіл дзьвюх краін.

ЗША ў панядзелак падпісалі пагадненьне аб пашырэньні вайсковага супрацоўніцтва з Фінляндыяй, інфармуе Голас Амэрыкі.

Гэта адбылося на наступны дзень пасьля таго, як Уладзімір Пуцін у інтэрвію дзяржаўнаму тэлебачаньню Расеі заявіў, што Захад «уцягнуў» Фінляндыю ў NATO.

Пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне абароны замацоўвае больш цесныя сувязі паміж Вашынгтонам і Хэльсынкі, уключаючы сумесную падрыхтоўку войскаў і іх апэратыўную сумяшчальнасьць, у адпаведнасьці з уступленьнем Фінляндыі ў Паўночнаатлянтычны альянс, якое адбылося ў красавіку.

На цырымоніі падпісаньня дамовы міністар абароны Фінляндыі Анці Хаканен назваў яго «магутным сьведчаньнем прыхільнасьці ЗША справе абароны Фінляндыі і ўсёй Паўночнай Эўропы».

«Мы не чакаем, што Злучаныя Штаты возьмуць на сябе клопат аб абароне Фінляндыі. Мы працягваем інвэставаць у нашу абарону і падзяляем цяжар у нашым рэгіёне і за яго межамі, — сказаў Хаканен. — Аднак гэтая дамова значна падвышае нашу здольнасьць дзейнічаць разам у любых сытуацыях».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходнія аналітыкі пра заявы Пуціна ў адрас Фінляндыі і NATO: «Пагроза бясьпецы Захаду»

Дзяржсакратар Блінкен падкрэсьліў, што Фінляндыя «ці ня лепш за іншых ведае, што пастаўлена на карту для Ўкраіны».

«У 1939 годзе фіны таксама сутыкнуліся з расейскім уварваньнем і даказалі, што свабодная краіна можа аказаць неверагодна магутны і ўстойлівы супраціў, — сказаў Блінкен. — Ваша гісторыя — гэта напамін пра тое, чаму так важна, каб мы ўсе працягвалі падтрымліваць Украіну».

«Аўтакраты, якія спрабуюць сілай перакроіць мяжу адной краіны, амаль напэўна не спыняцца на гэтым», — дадаў ён.

У цырымоніі ўдзельнічала міністар замежных спраў Фінляндыі Эліна Валтанен.

ЗША і Фінляндыя зноў заявілі аб падтрымцы ўступленьня ў NATO Швэцыі, якая падала заяўку на ўступленьне разам з Фінляндыяй, але сутыкнулася з пярэчаньнямі з боку Турэччыны.

«Сёньня NATO больш, мацней згуртавана, чым калі-небудзь за сваю амаль 75-гадовую гісторыю, і гэта ў немалой ступені дзякуючы ўступленьню Фінляндыі. А неўзабаве (да альянсу) далучыцца і Швэцыя», — сказаў Блінкен.

Дзяржсакратар выказаў падзяку Фінляндыі за прадастаўленьне больш за 2 мільярды даляраў на падтрымку абароны Ўкраіны, гуманітарную і іншую дапамогу ва ўмовах супрацьстаяньня Кіева поўнамаштабнаму ўварваньню Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў, што ў Расеі «няма цікавасьці» ваяваць з краінамі NATO, але абяцаў праблемы Фінляндыі

Блінкен падкрэсьліў, што для ЗША важна працягваць падтрымліваць Украіну.

«Дапамога Амэрыкі надзвычай важная для ўмацаваньня патэнцыялу Ўкраіны, з тым, каб яна магла стаць на ногі — у вайсковым, эканамічным і дэмакратычным пляне — і забясьпечыць, каб агрэсіўная вайна прэзыдэнта Пуціна засталася стратэгічным правалам. Мы будзем працягваць працаваць з Кангрэсам, каб быў прыняты запыт прэзыдэнта Байдэна на дадатковы бюджэт, які жыцьцёва важны для забесьпячэньня гэтага выніку», — адзначыў кіраўнік Дзярждэпартамэнту.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.