Гэта ўдалося ўстанавіць дзякуючы экспэдыцыі, якую агенцтва экскурсіяў YelniaTrip правяло сумесна з Інстытутам прыродакарыстаньня НАН, піша партал «Люстэрка».
Мэтай экспэдыцыі было вызначыць узрост Ельні, дасьледаваўшы тарфяныя паклады ў месцах самага глыбокага заляганьня (паводле дадзеных выведкі 50-х гадоў). Для гэтага выкарыстоўвалі мэтад радыёвугляроднага аналізу, дакладнасьць якога — амаль 98%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Балотны бум. Ельня дзякуючы праграмам міжнароднай дапамогі б’е турыстычныя рэкорды. ФОТА— Інтрыгавала найбольшая лічба 8,3 мэтра, пазначаная геолягамі, якія вывучалі Ельню да нас. Мы спрабавалі знайсьці ўказаную глыбіню, але першая частка экспэдыцыі скончылася пасьля некалькіх дзясяткаў спробаў патапленьнем сьвідра ў нетрах балота, — расказалі ў агенцтве.
Аднак максымальная глыбіня, якую ўдалося знайсьці падчас экспэдыцыяў, склала 7,25 м. Аналіз паказаў, што торф, здабыты з гэтай глыбіні, сфармаваўся ў дыяпазоне 12 821 — 13 114 гадоў таму.
— Сярэдняе значэньне гэтага дыяпазону — 12 968 гадоў, і гэта афіцыйны ўзрост балота Ельня! — заяўляюць дасьледчыкі.
Такім чынам, самае вядомае беларускае балота з унікальнай экасыстэмай, па плошчы параўнальнае зь Менскам, аказалася нашмат старэйшае, чым лічылася раней: дагэтуль навукоўцы лічылі, што яму каля 9 тысячаў гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінлясгас: пажар на самым вялікім балоце Беларусі пагасілі