Reform.by: Прафэсійны імітатар выступіў у менскай ВНУ ў вобразе «героя спэцыяльнай ваеннай апэрацыі»

Аляксандар Пылкоў

У менскім філіяле Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўнівэрсытэту ў пачатку сьнежня прайшла сустрэча студэнтаў і, як паведамлялі, «людзей, на якіх трэба раўняцца і браць прыклад».

На гэта зьвярнуў увагу праект @motolkohelp. Партал Reform.by больш пільна прыгледзеўся да ўдзельнікаў сустрэчы, прыклад зь якіх ідэолягі ВНУ прапануюць браць беларускім студэнтам.

Мяркуючы з фота, на сустрэчу зь беларускімі студэнтамі прыйшлі ўдзельнікі вайны Расеі супраць Украіны — Аляксандр Пылкоў і Ўладзімір Сухінін. Абодва ў вайсковай форме, з нашыўкамі.

Жыхара расейскага Кургану Аляксандра Пылкова ў прэс-рэлізе ўнівэрсытэту назвалі пэдагогам — арганізатарам Цэнтру разьвіцьця сучасных кампэтэнцый Рэгіянальнага цэнтру патрыятычнага выхаваньня, кіраўніком аўтаномнай некамэрцыйнай арганізацыі «Цэнтар патрыятычнага выхаваньня „Добрая зямля“».

Паводле Reform.by, на фота выглядаў Аляксандар як баявы афіцэр. Але ці так гэта папраўдзе? Журналісты знайшлі шмат інфармацыі ў сеціве пра Пылкова.

У лютым 2023 году на яго відэа спаслалася вядомая расейская прапагандыстка Маргарыта Сіманьян. 17 лютага Сіманьян на сваёй старонцы ва «УКантакце» разьмясьціла відэаролік Аляксандра і напісала: «Відэа са СВА, якое я перагледзела дзесяць разоў, дзесяць разоў плакала і буду глядзець і плакаць яшчэ».

Пылкоў сапраўды быў на фронце. Сам ён прызнаецца ў адным з інтэрвію, што паехаў добраахвотнікам у брыгаду «Дон» батальёна «Енісей». Гэта здарылася, паводле яго слоў, у сярэдзіне лютага 2023 году. Праз месяц Пылкова прызначылі нампалітам і кіраўніком прэс-службы батальёна.

Журналісты высьветлілі, што ў «першы бой» Пылкоў пайшоў, суправаджаючы карэспандэнтку «РИА Новости» Марыю Марык’ян. Далей ён суправаджаў ваенкара расейскага Першага канала Мар’яну Навумаву.

Паводле Reform.by, «ваенная карʼера» Пылкова заканчваецца ў сярэдзіне траўня 2023 году. Ён вяртаецца ў Расею.

Журналісты пішуць, што «Пылкоў раней займаўся зборам ахвяраваньняў праз сваю арганізацыю „Добрая зямля“... Для вялікіх бюджэтаў бракавала толькі рэальнага ўдзелу ў вайне. Зараз для прафэсійнага „ряженого“ адчыненыя ўсе дзьверы — яго часта запрашаюць на сустрэчы з моладзьдзю і пэнсіянэрамі. На адной з сустрэч ён нават выдаваў сябе за дэпутата Дзяржаўнай думы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўленыя «хімэраў сумленьня». Які лёс чакае «зорак» прапаганды, выгадаваных рэжымам Лукашэнкі