12-ты пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі і Беларусі маюць зацьвердзіць на будучым тыдні. Аўстрыя зьняла пярэчаньні

Старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль на саміце Эўразьвязу. Брусэль, 15 сьнежня 2023

У праект 12-га пакету санкцый Эўразьвязу за расейскую вайну ва Ўкраіне трапілі 11 беларусаў.

Аўстрыя зьняла свае пярэчаньні супраць 12-га пакета санкцый ЭЗ у дачыненьні да Расеі ў сувязі з яе ўварваньнем ва Украіну.

Фармальная працэдура адабрэньня санкцый завершыцца на наступным тыдні. Пра гэта паведамляе рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк. У сілу новы пакет павінен уступіць да Новага году.

Дасягненьне дамоўленасьцей пацьвярджае таксама Reuters са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы.

Аўстрыя дамагалася выключэньня Raiffeisen Bank International са сьпісу «міжнародных кампаній — спонсараў вайны», які вядуць украінскія ўлады. У яго ўключаюцца замежныя кампаніі, якія працуюць у Расеі і прыносяць бюджэту гэтай краіны істотныя даходы. Аўстрыйскі Raffeisen Bank, у адрозьненьне ад многіх іншых заходніх банкаў, працягнуў працаваць у Расеі пасьля шырокамаштабнага ўварваньня расійскіх войскаў ва Ўкраіну.


Як піша Reuters, Украіна падчас перамоваў пагадзілася прыбраць Raffeisen Bank са сьпісу «спонсараў вайны». Цяпер у гэтым сьпісе гаворыцца, што статус банка як «фундатара» прыпынены на пэрыяд правядзеньня двухбаковых кансультацый з прадстаўнікамі Эўрапейскай камісіі. Раней са сьпісу — з-за пагроз Будапешта накласьці вета на фінансавую дапамогу Ўкраіне — быў выдалены вэнгерскі банк OTP. У ім застаецца шэраг кампаній са штаб-кватэрамі ў краінах ЭЗ, у прыватнасьці нямецкая Knauf, французскія «Ашан», «Іў Рашэ» і «Леруа Мерлен». Санкцыі супраць гэтых кампаній ва Ўкраіне ня ўведзеныя, як гаворыцца на сайце, абазначэньне «міжнародны спонсар вайны» носіць толькі «рэпутацыйнай характар».

Раней паведамлялася, што 12-ы пакет санкцый узгаднілі лідэры краін ЭЗ на саміце ў Бруселі 14-15 сьнежня. Аднак увечары 15 сьнежня зьявіліся паведамленьні, што ў Аўстрыі заставаліся пярэчаньні.

Найбольш істотная мера, якую прадугледжвае 12-ы пакет — увядзеньне з 1 студзеня паступовай забароны на імпарт алмазаў з Расеі. Таксама ўзмацняюцца патрабаваньні да захаваньня так званай столі цэнаў на нафту з Расеі. Будзе таксама пашыраны сьпіс тавараў падвойнага прызначэньня, якія забаронена пастаўляць і рээкспартаваць у Расею, і ўведзены дадатковыя меры па барацьбе з рээкспартам. Таксама будуць пашыраны сьпісы асоб, якія трапілі пад санкцыі.

У праект 12-га пакету санкцый Эўразьвязу за расейскую вайну ва Ўкраіне трапілі 11 беларусаў

У Эўразьвязе лічаць 11 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў адказнымі за матэрыяльную падтрымку агрэсіі Расеі супраць Украіны. Іх абмяжуюць у магчымасьці атрымаць візы і замарозяць актывы.

У новы пакет санкцый, якія плянуе ўвесьці Эўразьвяз супраць Расеі і Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне, могуць увайсьці прадстаўнікі абароннай сфэры Беларусі.

У Эўразьвязе лічаць усіх гэтых асобаў адказнымі за матэрыяльную падтрымку агрэсіі Расеі супраць Украіны. Іх абмяжуюць у магчымасьці атрымаць візы і замарозяць актывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У праект 12-га пакету санкцый Эўразьвязу за расейскую вайну ва Ўкраіне трапілі 11 беларусаў. Сьпіс