У сюжэце паказалі затрыманьне былога дырэктара музэя гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова. Таксама сярод затрыманых аказаліся журналіст Барыс Вырвіч, экс-выкладчык МДУ Аляксандар Агееў і кандыдат пэдагагічных навук Ігар Шаруха, піша «Медиазона».
Вядоўца перадачы зьвязала затрыманьне магілёўцаў зь дзейнасьцю рэсурсаў 6ТV.bу і «Магілёў Медыя», прызнаных рэжымам «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Аляксея Бацюкова прапагандыстка назвала «змоўшчыкам» кіраўніка «экстрэмісцкіх» выданьняў Зьмітра Салаўёва. Выкладчыкі Ігар Шаруха і Аляксандар Агееў на відэа прапагандыстаў распавялі, што супрацоўнічалі з «Магілёў Медыя», але іх тэксты нібыта «зьмянялі да непазнавальнасьці». Паказалі ў сюжэце і затрыманага журналіста Барыса Вырвіча.
Па якім артыкуле абвінавачваюць затрыманых і ў якім статусе яны знаходзяцца — невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 сьнежня: прайшлі ператрусы ў незалежных журналістаў Зьмітра Лупача і Барыса Вырвіча- 6 сьнежня рэсурсы 6TV Bielarus, «Магілёў Медыя» і «Навіны Магілёўскага рэгіену» прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Пасьля гэтага ператрусы прайшлі ў журналіста Барыса Вырвіча, выкладчыка Аляксандра Агеева, экс-дырэктара музэя гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, кандыдата пэдагагічных навук Ігара Шарухі, Пятра Мігурскага і журналіста Сяргея Антонава.
- Барыса Вырвіча адпусьцілі пасьля допыту. Сяргей Антонаў зьехаў зь Беларусі праз два дні знаходжаньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня.