У рашэньні саміту Эўразьвязу ёсьць два пункты, якія тычацца Беларусі

Саміт Эўразьвязу, які праходзіў у Брусэлі 14–15 сьнежня, прыняў рашэньне пачаць з Украінай і Малдовай перамовы аб уступленьні ў Зьвяз.

Грузія атрымала статус кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузія атрымае статус кандыдата ў сябры Эўразьвязу. З Малдовай і Ўкраінай пачнуць перамовы

У выніковым рашэньні саміту двойчы ўзгадваецца Беларусь:

  • Эўрапейская рада паўтарае настойлівы заклік да Расеі і Беларусі неадкладна арганізаваць бясьпечнае вяртаньне ва Ўкраіну ўсіх незаконна дэпартаваных і перавезеных украінскіх дзяцей і іншых цывільных асобаў.
  • Эўрапейскі Зьвяз поўны рашучасьці і далей аслабляць здольнасьць Расеі весьці агрэсіўную вайну, у тым ліку шляхам далейшага ўзмацненьня санкцыяў для яе, а таксама празь іх поўнае і эфэктыўнае выкананьне і перадухіленьне іх абыходу, асабліва ў дачыненьні да тавараў высокай рызыкі, у шчыльным супрацоўніцтве з партнэрамі і хаўрусьнікамі. Эўрапейская рада вітае прыняцьце 12-га пакету санкцыяў. Яна таксама вітае пагадненьне, дасягнутае наконт Дырэктывы аб вызначэньні крымінальных злачынстваў і пакараньнях за парушэньне абмежавальных мераў Зьвязу. Эўрапейская рада асуджае працяг ваеннай падтрымкі агрэсіўнай вайны Расеі з боку Ірану, Беларусі і КНДР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расказваем, што ў праекце рашэньняў саміту Эўразьвязу напісана пра Беларусь і пра ўступленьне ў ЭЗ Украіны, Малдовы і Грузіі

Напярэдадні саміту Свабода выклала зьмест праекту выніковага рашэньня гэтага форуму. У праекце фігуравалі тры пункты, якія тычыліся Беларусі, — тыя два, што ўвайшлі ў прынятае рашэньне, а таксама пункт пра рашучасьць Эўразьвязу «супрацьстаяць гібрыдным нападам на сваіх вонкавых межах, якія працягваюць арганізоўваць Расея і Беларусь».