Майстэрня паштовак салідарнасьці абвясьціла Калядны маратон падтрымкі беларускіх палітзьняволеных празь ліставаньне.
У рамках Каляднага маратону 16 сьнежня ў 8 гарадах «Майстэрня паштовак салідарнасьці» арганізуе падпісаньне паштовак палітвязьням «каб адправіць цеплыню і крыху зімовых цудаў за краты».
На бягучы момант у зьняволеньні несправядліва знаходзіцца больш за 1400 чалавек, нагадвае ініцыятыва.
«Мы запрашаем усіх, хто хоча падтрымаць беларускіх палітычных зьняволеных, далучыцца да мерапрыемстваў у сваіх гарадах і напісаць лісты з пажаданьнямі і падтрымкай. Нашыя лісты — сапраўдны падарунак, які можа зрабіць сьвятлей дзень беларускіх палітзьняволеных», — гаворыцца ў паведамленьні арганізатараў.
Месцы правядзеньня сустрэч:
- Варшава, з 12:00 да 16:00 Free Belarus Center, Mokotowska 24, офіс 64. Удзельнікаў акцыі чакае майстар-кляса па маляваньні паштовак сумесна з ініцыятывай «Вольныя» (патрэбна рэгістрацыя), а таксама падпісаньне паштовак і лістоў зьняволеным.
- Гданьск, з 12:00 да 16:00, БКТ «ХАТКА», Miszewskiego 17/307.
- Познань, з 16:30, «Клубакавярня MY», Fredry 5/3a.
- Вільня, з 11:00 да 13:00. Месца дасылаецца пасьля рэгістрацыі.
- Коўна, з 12:00 да 16:00, Bundu, E. Ožeškienės g.
- Львоў, з 18:00, Офіс ДПЧ, вул. Валова 27, дамафон кв.8.
- Кіеў, з 16:00, Єреванська, 30.
- Турку (Фінляндыя), з 14:00 да 18:00, TYY Kampuskappeli, Rehtorinpellonkatu 4 C.
Таксама можна падтрымаць дзейнасьць «Майстэрні» праз данат.