Цэнтар беларускай салідарнасьці: Беларусы ў Польшчы могуць прад’яўляць праязны дакумэнт замест пашпарта

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў Варшавы, сакавік 2021 году

Праязны дакумэнт для іншаземца, які ў Польшчы могуць атрымаць і беларусы, зьяўляецца эквівалентам пашпарта, выдадзенага польскім грамадзянам.

Ён можа служыць ня толькі для перасячэньня мяжы, але і для пацьверджаньня асобы яго ўладальніка. Гэта вынікае з афіцыйнай інтэрпрэтацыі МУС Польшчы, паведаміў журналістам Цэнтар беларускай салідарнасьці (ЦБС).

Афіцыйную інтэрпрэтацыю МУС Польшчы наконт таго, як можна карыстацца праязным дакумэнтам, атрымала кіраўніца аддзелу прававой дапамогі ЦБС Вольга Дабравольская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі дэпутат: Абавязкова знойдзецца рашэньне, каб беларусы маглі заставацца ў Польшчы

Таксама ў МУС Польшчы патлумачылі, што пры падачы заявы на часовы або сталы дазвол на жыхарства, дазвол на жыхарства доўгатэрміновага рэзыдэнта ЭЗ, дадатковую абарону, дазвол на знаходжаньне з гуманітарных прычынау іншаземец можа паказаць дзейны польскі праязны дакумэнт, калі ў яго няма магчымасьці прадʼявіць пашпарт сваёй краіны (напрыклад, калі ён страчаны або несапраўдны) ці іншы праязны дакумэнт.

Такім чынам, беларусы змогуць карыстацца польскім праязным дакумэнтам у якасьці дакумэнта, які пацьвярджае іх асобу:

  • у адміністрацыйных органах;
  • у банках;
  • пры перасячэньні мяжы;
  • у іншых выпадках, калі неабходна засьведчыць іх асобу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Са жніўня 2020-га колькасьць грамадзян Беларусі, якія маюць польскія дакумэнты, вырасла больш як утрая

У ЦБС адзначылі, што гэтая інтэрпрэтацыя можа стаць важным аргумэнтам у спрэчных сытуацыях і моцна спросьціць жыцьцё шматлікім беларусам у Польшчы, якія ня могуць атрымаць ці замяніць беларускі пашпарт.

Польскі праязны дакумэнт для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca) выдаецца тэрмінам на адзін год і дае права перасячэньня мяжы, цалкам замяняючы нацыянальны пашпарт.

З 1 ліпеня па 31 сьнежня 2023 году беларусы могуць атрымліваць польскі праязны дакумэнт для іншаземца паводле спрошчанай схемы — пакуль беларусам ня трэба даказваць, што яны ня могуць атрымаць новы пашпарт ад беларускіх уладаў.

Для таго, каб атрымаць праязны дакумэнт іншаземца паводле спрошчанай схемы, неабходна толькі тры ўмовы:

  • страта старога пашпарта, заканчэньне тэрміну яго дзеяньня або ўвогуле яго адсутнасьць;
  • наяўнасьць любога ДНЖ Польшчы, незалежна ад падставаў яго атрыманьня;
  • своечасовая падача дакумэнтаў з 1 ліпеня да 31 сьнежня 2023 года.

Дакумэнт выдаецца беларусам бясплатна.