Беларускі Чырвоны Крыж прапанаваў беларусам перадаць яму дроны ў сувязі з указам Лукашэнкі

Ілюстрацыйнае фота

Беларускі Чырвоны Крыж прапанаваў беларусам падараваць арганізацыі свае дроны ў сувязі з новым указам Лукашэнкі, паводле якога фізычным асобам забаронена вырабляць і эксплюатаваць бесьпілётнікі, а з 25 сакавіка 2024 году будзе забаронена і іх захоўваньне і абарачэньне.

«Наша каманда гатовая прыняць ад насельніцтва ў якасьці ахвяраваньні БПЛА для іх далейшай эксплюатацыі пры рэагаваньні на надзвычайныя сытуацыі», — гаворыцца ў паведамленьні Беларускага Чырвонага Крыжа.

У ім адзначаецца, што супрацоўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа для дапамогі пацярпеламу насельніцтву часта выкарыстоўваюць дроны для ацэнкі сытуацыі і рэагаваньня на яе — пры паводках, моцных ападках, а таксама пры пошуку людзей, якія згубіліся ў лясах, для хуткага аказаньня першай дапамогі.

  • Указ Лукашэнкі «Аб дзяржаўным уліку і эксплюатацыі цывільных бесьпілётных лятальных апаратаў» быў падпісаны 25 верасьня 2023 году. Ён забараняе фізычным асобам увоз, эксплюатацыю і выраб дронаў, а праз паўгода з моманту апублікаваньня (з 25 сакавіка 2024 года) — і іх захоўваньне і абарачэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўвялі забарону для грамадзянаў на ўвоз і выкарыстаньне бесьпілётнікаў
  • 1 сьнежня было прыпыненае сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, таксама арганізацыя пазбавілася фінансаваньня. Прычынай стала невыкананьне патрабаваньня Міжнароднай фэдэрацыі вызваліць Дзьмітрыя Шаўцова ад пасады генэральнага сакратара БТЧК да 30 лістапада.
  • Прэтэнзіі да Шаўцова ўзьніклі ў выніку ягоных візытаў у акупаваныя Расеяй украінскія гарады Луганск і Данецк, а таксама заяваў пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, пра магчымасьць нанясеньня па краінах Захаду ядзернага ўдару.
  • У кастрычніку Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца апублікавала вынікі расьсьледаваньня дзейнасьці Дзьмітрыя Шаўцова ў сувязі зь ягонымі паездкамі на акупаваны Расеяй Данбас. Расьсьледаваньне паказала, што Шаўцоў «парушыў Асноўныя прынцыпы руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, правілы выкарыстаньня яго эмблемаў і Палітыку добрасумленнасьці МФТЧКіЧП».
  • За вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца, каб суд выдаў аналягічны ордэр на Аляксандра Лукашэнку, бо ўкраінскіх дзяцей вывозяць і ў Беларусь. 13 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець такую магчымасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі прыпынілі