13 сьнежня прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінэт папярэдзілі пра фэйкавыя рассылкі ад іх імя і заклікалі беларусаў не дасылаць свае зьвесткі невядомым. Пра фэйкавыя боты ў Тэлеграме папярэджваюць беларусаў і праваабаронцы «Вясны».
Раніцай 13 сьнежня невядомыя пачалі рассылаць у Тэлеграм паведамленьні быццам ад імя Офісу Сьвятланы Ціханоўскай з заклікам да беларусаў дасылаць ім свае пэрсанальныя зьвесткі для запісу на атрыманьне новага нацыянальнага пашпарта Беларусі.
Кабінэт афіцыйна заявіў, што гэты заклік — фэйк і, імверна, правакацыя ўладаў.
«Па-першае, збор такіх зьвестак калі і пачнецца, то толькі пасьля апублікаваньня афіцыйнай інфармацыі ў сацыяльных сетках Абʼяднанага пераходнага кабінэту Беларусі.
Па-другое, у цяперашні момант зьбіраць зьвесткі беларусаў і ствараць нейкія чэргі на выдачу заўчасна!» — адзначаецца ў паведамленьні АПК.
Таксама ў інтэрнэце зьявіўся Facebook-акаўнт нібыта Абʼяднанага пераходнага кабінэту, але прадстаўнікі Кабінэту таксама заявілі, што ня маюць да яго дачыненьня.
У Офісе Ціханоўскай заклікалі беларусаў сачыць толькі за афіцыйнымі каналамі Кабінэту, Офісу і іх прадстаўніцтва і «не паддавайцца на правакацыі».
Праваабарончы цэнтар «Вясна» таксама паведаміў, што ў Тэлеграме зьявіліся фэйкавыя боты, якія ня маюць дачыненьня да «Вясны».
«Калі ласка, будзьце ўважлівыя пры камунікацыі, карыстайцеся сапраўднымі кантактамі праваабарончага цэнтру. У „Вясны“ існуе адзіны „Вясна-бот“: ніякія астатнія не маюць дачыненьня да арганізацыі. Таксама не былі створаныя асобныя акаўнты для камунікацыі з кампаніяй „Праваабаронцы за свабодныя выбары“» — піша «Вясна» ў сваім тэлеграм-канале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Варта мець два акаўнты». Як сілавікі ловяць людзей у Telegram і што зрабіць, каб карыстацца ім бясьпечнаРаней сілавікі ўжо неаднойчы стваралі фэйкавыя акаўнты розных каналаў дэмакратычных сілаў, пратэставых аб’яднаньняў і незалежных СМІ з мэтай атрыманьня асабістых зьвестак беларусаў, дзякуючы чаму іх пасьля затрымлівалі сілавікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычная зброя ў сацыяльных сетках: боты, фэйкі, тролі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Petitions.by патлумачыла, у чым прычына фэйкавай рассылкі і ці «зьліліся» зьвесткі карыстальнікаў