Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў парушэньне права на свабоду Віктара Бабарыкі пры затрыманьні

Віктар Бабарыка ў судзе. Архіўнае фота

Палітзьняволены Віктар Бабарыка знаходзіцца за кратамі з 18 чэрвеня 2020 году.

Камітэт правоў чалавека ААН прыняў 31 кастрычніка рашэньне (меркаваньне) па скарзе палітзьняволенага прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2020 году Віктара Бабарыкі, прызнаўшы парушэньне яго права на свабоду, гарантаванага артыкулам 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Таксама КПЧ зьвярнуўся да беларускай дзяржавы з просьбай прыняць тэрміновыя захады для гарантаваньня таго, каб жыцьцё, фізычны і маральны стан палітвязьня не былі ў небясьпецы, а таксама каб забясьпечыць яго камунікацыі з адвакатамі, сям'ёй і мэдыцынскімі работнікамі.

Як парушэньне Камітэт кваліфікаваў той факт, што Віктара Бабарыку затрымалі і ўзялі пад варту выключна на падставе падазрэньняў у злачынствах, за якія магло быць прызначана пазбаўленьне волі тэрмінам ад 2 гадоў.

Пры гэтым ня браліся пад увагу яго пэрсанальныя абставіны: тое, што ён ня быў асуджаны і пастаянна пражываў у Беларусі. Больш за тое, адзначае КПЧ, пачатак расьсьледаваньня ў дачыненьні да Віктара Бабарыкі абвясьцілі 12 чэрвеня 2020 году, за шэсьць дзён да яго затрыманьня; а раней, 4 чэрвеня 2020-га, за два тыдні да затрыманьня, Лукашэнка публічна намякнуў на тое, што Бабарыка нібыта вінаваты ў махлярстве.

Нягледзячы на гэтыя заявы, Віктар Бабарыка не паспрабаваў схавацца, а наадварот, заставаўся ў краіне і актыўна працягваў сваю выбарчую кампанію. У матэрыялах, пададзеных Камітэту, няма ніякай інфармацыі, што ён спрабаваў схавацца ці перашкодзіць сьледзтву. Таму ні на чым не заснаваныя гэтыя матывы ўзяцьця пад варту, а альтэрнатывы наагул не разглядаліся ў нацыянальнай юрысдыкцыі.

Акрамя гэтага, Камітэт прыняў да ўвагі, што ўзяцьце пад варту адбылося за дзень да пачатку рэгістрацыі (падачы дакумэнтаў у ЦВК) безь відавочных матываў, і робіць выснову аб адсутнасьці неабходнасьці і справядлівасьці такога затрыманьня, што сьведчыць аб адвольным пазбаўленьні волі ў парушэньне пунктаў 1 і 2 артыкулу 9 Пакту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol: Палітвязень Віктар Бабарыка мае праблемы з сэрцам

Парушэньнем права на свабоду ў сьвятле гэтага артыкула камітэт прызнаў таксама адсутнасьць доступу да адвакатаў цягам больш як 24 гадзін пасьля арышту і перашкоду канфідэнцыйным зносінам з адвакатамі на працягу тыдня пасьля затрыманьня.

Скаргі Віктара Бабарыкі ў суд на затрыманьне і ўзяцьце пад варту разгледзелі праз 5 і праз 9 дзён пасьля іх падачы, што супярэчыць нават названым дзяржавай тэрмінам, акрэсьленым заканадаўствам. Пры гэтым сам Віктар Бабарыка не заслухоўваўся судом у час разгляду скаргаў. Камітэт паказвае, што ён паўстаў перад судом толькі праз 8 месяцаў пасьля арышту, што несумяшчальна з патрабаваньнем Пакту аб тым, што чалавек павінен быць дастаўлены да судзьдзі неадкладна пасьля затрыманьня (у практыцы камітэта — не пазьней, чым праз 48 гадзін).

Камітэт адзначыў, што абаронцаў Віктара Бабарыкі абавязалі даць падпіску аб невыдаваньні дадзеных расьсьледаваньня, што стрымлівала іх ад магчымасьці перадаць у КПЧ дакумэнты, якія адносяцца да затрыманьня і ўзяцьця пад варту, і стварала перашкоды ў абароне ад парушэньняў артыкулу 9 Пакту.

У выніку Камітэт правоў чалавека расцаніў усе названыя абставіны як парушэньне дзяржавай пунктаў 1, 3 і 4 артыкула 9 Пакту.

КПЧ нагадаў дзяржаве аб яе абавязаньнях забясьпечыць эфэктыўныя сродкі кампэнсацыі шкоды ў сувязі з парушэньнямі правоў Віктара Бабарыкі паводле Пакту. На гэтым этапе КПЧ прызнаў такім сродкам поўную рэпарацыю, уключна з адэкватнай кампэнсацыяй. Аб прынятых мерах беларуская дзяржава павінна паведаміць Камітэту на працягу 180 дзён, а таксама забясьпечыць публікацыю і шырокае распаўсюджваньне гэтага рашэньня на дзяржаўнай мове.

Таксама 16 лістапада 2023 году КПЧ зьвярнуўся да беларускай дзяржавы з просьбай прыняць тэрміновыя меры для забесьпячэньня таго, каб жыцьцё, фізычны і маральны стан Віктара Бабарыкі не падвяргаліся небясьпецы, а таксама забясьпечыць яго камунікацыі з адвакатамі, чальцамі сям'і і мэдыцынскімі работнікамі. Такое патрабаваньне выказана Камітэтам правоў чалавека ў сувязі зь вядомай інфармацыяй аб яго паступленьні ў лякарню гораду Наваполацку з пнэўматораксам і сьлядамі пашкоджаньняў, а таксама аб знаходжаньні яго ў папраўчай калёніі № 1 Наваполацку бяз сувязі з вонкавым сьветам з 6 лютага 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вярхоўным судзе зноў разглядаюць «справу Віктара Бабарыкі». Што пра гэта вядома?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомыя палітвязьні ўжо 8 месяцаў знаходзяцца ў ПКТ. Былыя вязьні раяць, што можна рабіць іх сваякам

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.