На сумесных паседжаньнях прэзыдыюмаў абласных Саветаў дэпутатаў і аблвыканкамаў 11 сьнежня ўтварылі Менскую абласную і 17 акруговых выбарчых камісій па выбарах у адзіны дзень галасаваньня 24 лютага, паведамілі ў прэс-службе Менаблвыканкаму. Усяго ў 17 акруговых выбарчых камісіях будуць працаваць 213 чалавек.
У гарадзкой і акруговых камісіях па 13 чалавек. Сьпісы сяброў камісій не называюць. На сёньня не агучылі нават імя кіраўніка Менскай гарадзкой камісіі. На папярэдніх выбарах пасаду займаў скандальны кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў.
На гэты момант вядома, што ў склад Менскай абласной выбарчай камісіі ўвайшлі 11 чалавек. Іх імёны таксама не названыя. Раней у ЦВК заявілі, што адмовіліся ад публікацыі агульных сьпісаў сяброў выбарчых камісій, нібыта дзеля абароны пэрсанальных зьвестак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня ЦВК расказаў, чаму Беларусь абмяжуе кола міжнародных назіральнікаў на выбарах, не запросіць АБСЭПаводле правааабаронцаў «Вясны», на Гомельшчыне ўтварылі абласную і 17 акруговых выбарчых камісій.
У склад Гомельскай абласной выбарчай камісіі ўвайшлі 13 чалавек, зь іх двух кандыдатаў у камісію вылучылі грамадзяне шляхам падачы заяваў, ад палітычных партый і грамадзкіх аб'яднаньняў вылучана 11 прадстаўнікоў.
У камісіі ўвайшлі прадстаўнікі існых сёньня ў Беларусі палітычных партый:
- партыі «Белая Русь»;
- Камуністычнай партыі Беларусі;
- Лібэральна-дэмакратычнай партыі.
Усе апазыцыйныя партыі і незалежныя прафсаюзы ў 2023 годзе былі зьліквідаваныя, многія зь іх лідэраў зьняволеныя.
Ад грамадзкіх абʼяднаньняў у склад выбарчых камісій ўвайшлі вылучэнцы:
- Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі,
- Беларускага саюзу вэтэранаў вайны ў Афганістане,
- РГА «Белая Русь»,
- Беларускага грамадзкага абʼяднаньня вэтэранаў,
- Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
У Горадзенскай вобласьці вылучэнцаў ад Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа сёлета няма, пішуць праваабаронцы.
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа ня выканала патрабаваньня Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) і ня вызваліла Дзьмітрыя Шаўцова ад пасады генэральнага сакратара БТЧК да 30 лістапада.
Беларускі Чырвоны Крыж страціў правы сябра Міжнароднай фэдэрацыі і пазбаўляецца фінансаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі прыпыніліШто трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.