На цырымоніі Махамадзі прадстаўлялі яе дзеці Алі і Кіяна Рахмані. Яны атрымалі дыплём і мэдаль маці, а таксама прачыталі Нобэлеўскую лекцыю Махамадзі.
Аб прысуджэньні прэміі міру Махамадзі Нобэлеўскі камітэт у Осла паведаміў у пачатку кастрычніка. Узнагародай яе ўганаравалі за «барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і прасоўваньне правоў чалавека і свабоды для ўсіх».
Махамадзі – віцэ-прэзыдэнтка Цэнтра праваабаронцаў у Іране. За апошнія 20 гадоў улады Ірана неаднаразова адпраўлялі яе ў турму за выступленьні супраць рэжыму, а таксама за журналісцкую і праваабарончую дзейнасьць. У падтрымку Махамадзі выступалі сусьветныя лідэры і міжнародныя арганізацыі.
У 2021 годзе ўлады Ірана прысудзілі Махамадзі 2,5 года пазбаўленьня волі і 80 удараў бізуном за «антыдзяржаўную прапаганду». Amnesty International называе яе вязьнем сумленьня. Агулам у Іране праваабаронцу арыштоўвалі 13 разоў, яна была прысуджаная да 31 года турмы і па-ранейшаму знаходзіцца ў зьняволеньні.
У 2022 годзе Нобэлеўская прэмія была ўручана праваабаронцам з Расеі, Беларусі і Украіны: расейскае праваабарончае таварыства «Мэмарыял», украінская грамадзкая арганізацыя Цэнтар Грамадзянскіх Свабод і заснавальнік беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першае, чаго трэба дамагацца, — гэта вызваленьне палітвязьняў». 10 цытатаў з кнігі «Алесь Бяляцкі на Свабодзе»