Манаграфія Зьмітра Саўкі «Фанэтычна-графічная адаптацыя запазычаньняў у беларускай мове», выдадзеная катэдрай беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, адзначана ў конкурсе на найлепшую навуковую манаграфію па беларускай і ўкраінскай культуры імя Мялета Сматрыцкага пад патранатам рэктара Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Заўчасна памерлы аўтар кнігі атрымаў узнагароду In memoria за ўсю сваю дзейнасьць дзеля разьвіцьця беларускай мовы.

Узнагарода «In memoria» для Зьмітра Саўкі за працу дзеля разьвіцьця беларускай мовы. Уручаная пасьмяротна
Журы таксама высока ацаніла заслугі катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту ў прапагандаваньні дзейнасьці на карысьць беларускай мовы.
Блізкія Зьмітра Саўкі не змаглі прысутнічаць на цырымоніі ўручэньня, таму ўзнагароду за сям’ю аўтара атрымаў прафэсар Радослаў Калета, загадчык катэдры беларусістыкі і сурэдактар манаграфіі.
Кіраўнік катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту Радослаў Калета (справа) атрымаў узнагароду для сям'і Зьмітра Саўкі
Сярод пераможцаў конкурсу таксама выпускнік і сябар катэдры беларусістыкі — габілітаваны доктар Мірослаў Янковяк, узнагароджаны за манаграфію «Лексіка беларускіх гаворак Літвы. Моўная спадчына балта-славянскага памежжа».
Зьміцер Саўка — беларускі мовазнаўца (1965—2016). Працаваў выкладчыкам у Лінгвістычным унівэрсытэце, стыль-рэдактарам на Радыё Рацыя, на тэлеканале «Белсат», дзе з 2006-га кіраваў моўнай службай, вёў аўтарскую праграму «Моўнік». Быў адным з кадыфікатараў сучаснай тарашкевіцы, зь Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам і Зьмітром Саньком уклаў «Беларускі клясычны правапіс». Выдаў некалькі кніг, у тым ліку «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве зь Вітаўтам Кіпелем).
Праз тры гады пасьля сыходу Саўкі выйшла ягоная 600-старонкавая кніга «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы» — вынік працяглай дасьледніцкай працы ў ЗША. Акрамя таго, Зьміцер Саўка стварыў унікальную інтэрнэт-старонку праверкі правапісу «Добрапіс», дзякуючы якой можна спраўдзіць слушнасьць напісаньня тэксту клясычным і «афіцыйным» правапісам, клясычным, а таксама канвэртаваць кірылічны тэкст у лацінку і спраўдзіць напісаньне ўласных імёнаў.
Саўка валодаў шасьцю мовамі: беларускай, расейскай, польскай, украінскай, ангельскай і літоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 моўных спраў, якія зрабіў для нас Зьміцер СаўкаМіраслаў Янковяк — польскі мовазнавец, скончыў катэдру беларускай філялёгіі і факультэт паляністыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Цяпер працуе ў Чэскай Акадэміі навук. Аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў.
Займаецца беларускай дыялекталёгіяй, моўнымі памежжамі (у прыватнасьці балта-славянскім), сацыялінгвістыкай, мовай беларусаў краінаў Балтыі і іншымі тэмамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускія гаворкі — гэта lingua franca балцкага памежжа»