У Тбілісі прайшоў шматтысячны праэўрапейскі марш. ФОТА

Гіганцкі сьцяг Эўразьвязу на акцыі ў Тбілісі, 9 сьнежня 2023

Дзясяткі тысяч чалавек узялі ўдзел у праэўрапейскім маршы са слоганам «Грузін – значыць эўрапеец». Удзельнікі прайшлі па праспэкце Руставэлі – галоўнай вуліцы краіны. У канцы акцыі яны разгарнулі гіганцкі 33-мэтровы сьцяг Эўразьвязу.

Да маніфэстантаў далучылася прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі. «Мы хочам у Эўропу, бачыце, столькі людзей выйшла на вуліцы, каб прадэманстраваць Эўропе нашае памкненьне», – заявіла яна журналістам. Паводле яе, «Эўропа – гэта прастора, дзе чалавек і яго меркаваньне маюць вялікае значэньне».

Саламэ Зурабішвілі сярод удзельнікаў маршу

Былая амбудсмэнка Ніно Ламджарыя назвала галоўнай мэтай маніфэстацыі імкненьне празаходніх сіл краіны «прадэманстраваць Эўропе, наколькі вялікія чаканьні існуюць у Грузіі ад пасяджэньня Эўрапейскай рады, якое мае адбыцца ў сярэдзіне сьнежня».

Пасол Грузіі ў ЭЗ Павел Херчынскі ў спэцыяльнай заяве пацьвердзіў, што наданьне Грузіі статусу кандыдата ў члены ЭЗ будзе адным з пытаньняў парадку дня пасяджэньня. «Але для станоўчага рашэньня неабходная згода ўсіх 27 дзяржаў, членаў ЭЗ», – папярэдзіў дыплямат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грузія дае ўнутраную свабоду, якая была ў дзяцей 90-х». У Батумі цяпер можна вучыцца па-беларуску