Літоўскі алімпійскі камітэт будзе змагацца, каб беларускія спартоўцы ўсё ж ня ўдзельнічалі ў Алімпіядзе

Акцыя супраць удзелу спартоўцаў Расеі і Беларусі ў Алімпіядзе 2024 года з прычыны вайны супраць Украіны. Тбілісі, Грузія, 26 сакавіка 2023.

Літоўскі нацыянальны алімпійскі камітэт (ЛНАК) адрэагаваў на допуск беларусаў і расейцаў да алімпіяды.

Літоўскі нацыянальны алімпійскі камітэт (ЛНАК) расчараваны рашэньнем Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) дапусьціць спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях і мае намер рабіць усё магчымае, каб гэтых спартоўцаў на Алімпіядзе было як мага менш.

8 сьнежня Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) дапусьціў атлетаў з Расеі і Беларусі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе і на строгіх умовах. «ЛНАК расчараваны гэтым рашэньнем... Наша пазыцыя не мяняецца – мы падтрымліваем Украіну і яе спартоўцаў. Адбор падыходзіць да канца. Але мы будзем раіцца з калегамі, высьвятляць, што можна зрабіць, каб на алімпіяду прыехала як мага менш спартоўцаў з гэтых краін», – сказана ў прэс-рэлізе ЛНАК.

«Мы яшчэ раз зьбяром міжнародных партнэраў, спартовыя арганізацыі, зьвернемся да кіраўнікоў гораду, які прымае алімпіяду, паспрабуем зрабіць усё, каб расейскія і беларускія спартоўцы ў алімпіядзе ня ўдзельнічалі, – заявіў Міністар навукі, адукацыі і спорту Гінтаўтас Якштас. – Мы заклікаем і літоўскія фэдэрацыі розных відаў спорту, арганізацыі зьвяртацца ў свае міжнародныя арганізацыі, зьбіраць аднадумцаў і дабівацца, каб спартоўцы агрэсараў не ўдзельнічалі ў Парыскай алімпіядзе», – цытуе міністра Delfi.

  • Да Гульняў будуць дапушчаныя спартоўцы, якія здолелі прайсьці кваліфікацыю ў сваіх відах спорту. Ня будуць дапушчаныя беларускія і расейскія спартоўцы, якія актыўна падтрымліваюць баявыя дзеяньні, а таксама маюць кантракты з арміяй ці з сілавымі органамі. Акрамя таго, МАК забараніў дэманстраваць на гульнях дзяржаўныя сьцягі, сымбалі Беларусі і РФ, а таксама адмовіўся запрашаць прадстаўнікоў урадаў дзьвюх краін. У камандных відах спорту беларускія і расейскія і спартоўцы дапушчаныя ня будуць.
  • Паводле зьвестак МАК, размова пакуль ідзе пра 11 спартоўцаў, якія могуць выступіць на Алімпіядзе. Сярод іх восем зьяўляюцца ўладальнікамі расейскіх пашпартоў, астатнія – беларускіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх спартоўцаў дапусьцілі на Алімпіяду ў Парыжы ў індывідуальным нэўтральным статусе. Каманды не дапушчаныя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пытаньне вызваленьня палітвязьняў немагчыма зьвязаць з допускам беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду, — Аляксандар Апейкін