Пра заўчасную сьмерць Максіма Гусьціка паведаміла і прэс-служба Міністэрства спорту і турызму Беларусі, не называючы яе прычынаў.
Паводле інфармацыі «Трыбуны», Максім Гусьцік загінуў у выніку ДТЗ: у ноч з 8 на 9 сьнежня ў Менску яго зьбіў аўтамабіль. Варта адзначыць, што «ДАІ» па Менску раней паведаміла пра гібель 35-гадовага пешахода, які каля 1:30 ночы выйшаў на дарогу ў раёне станцыі мэтро «Пушкінская».
Беларускі фрыстайліст Максім Гусьцік не аднойчы станавіўся прызэрам прэстыжных спаборніцтваў.
У 2006 і 2007 гадах Максім Гусьцік выйграў моладзевыя чэмпіянаты сьвету. У 2015 годзе ён стаў бронзавым прызэрам чэмпіянату сьвету ў акрабатыцы. На этапах Кубку сьвету атрымаў дзьве перамогі, чатыры разы заваёўваў срэбра і тройчы — бронзу. Таксама Гусьцік узяў удзел у Алімпійскіх гульнях 2018 і 2022 гадоў: у 2018-м у індывідуальных скачках ён заняў 22-е месца, а праз чатыры гады аказаўся 20-м.
Завяршыўшы кар'еру ў якасьці спартоўца, Гусьцік застаўся ў спорце ў якасці трэнэра: цягам некалькіх гадоў ён трэніраваў нацыянальную зборную Беларусі ў фрыстайле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы здабылі два мэдалі на хатнім этапе Кубку сьвету ў фрыстайле (ФОТА)