На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы адбыліся палітычныя затрыманьні
Як стала вядома праваабаронцам 9 сьнежня, учора сілавікі зноў правялі рэйд па супрацоўніках шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы.
Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Задержания, суды в Лиде», за падпіскі і «лайкі» затрымалі каля 10 чалавек.
У жніўні на шклозаводзе ўжо праходзіў «хапун» — тады затрымалі сама меней 9 чалавек.
Чарговы ператрус у журналіста Зьмітра Лупача
8 сьнежня ператрус прайшоў у хаце, якую журналіст атрымаў у спадчыну, і якая знаходзіцца ў вёсцы Завараты Глыбоцкага раёну. Там ужо шмат гадоў ніхто не жыве, і сам Зьміцер Лупач наведваўся туды толькі час ад часу. Цяпер журналіст знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Тым ня менш, сілавікі прыехалі туды шукаць аргтэхніку. Ключы ад хаты захоўваліся ў сваякоў Зьмітра, хату адчынілі ў прысутнасьці панятых, паведаміла «Віцебская Вясна».
«У той хаце няма ніякіх кампутараў, хіба толькі старая мэбля і кнігі, якія я не забраў у сваю кватэру ў Глыбокім. Так што забіраць там не было чаго», — распавёў Зьміцер Лупач БАЖ.
6 сьнежня прайшоў ператрус і ў глыбоцкай кватэры журналіста. Па словах відавочцаў, у кватэру пазванілі супрацоўнікі міліцыі, а пераканаўшыся, што ўнутры нікога няма, яны выклікалі «ратавальнікаў» МНС, якія выламалі дзьверы. Празь некаторы час міліцыянты зьехалі, а кватэру журналіста апячаталі.
У кастрычніку пачалі судзіць дачку журналіста — палітзьняволеную Сьвятлану Лупач. Падрабязнасьці судовага працэсу невядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 сьнежня: прайшлі ператрусы ў незалежных журналістаў Зьмітра Лупача і Барыса Вырвіча