Вырашана, што абіраць дэлегатаў Каардынацыйнай рады змогуць усе грамадзяне Беларусі з дапамогай электроннага галасаваньня, якое пройдзе ў пачатку сакавіка. Хутка мусіць зьявіцца асобная Цэнтральная выбарчая камісія для правядзеньня выбараў у Каардынацыйную раду. Агітацыйная кампанія пачнецца ў лютым 2024 году.
Мяркуецца, што людзі ў Беларусі змогуць прагаласаваць на адмысловай плятформе, зарэгістраваўшыся па нумары тэлефона, людзі па-за краінай — па дакумэнце, які сьведчыць асобу. Галасаваньне будзе чымсьці нагадваць тое, як гэта было зроблена ў плятформе «Голас» у 2020 годзе, патлумачылі ў Каардынацыйнай радзе.
Прэс-служба Каардынацыйнай рады апублікавала асноўныя тэзісы праекту выбараў, за якія прагаласавала большасьць дэлегатаў цяперашняга складу КР:
- Выбары будуць праводзіць па выбарчых сьпісах. Мінімальная колькасьць кандыдатаў у сьпісе — 10 чалавек. Сьпісы змогуць фармаваць палітычныя партыі, арганізацыі грамадзянскай супольнасьці і любыя іншыя абʼяднаньні грамадзян.
- 40% месцаў са сьпісаў павінны быць адведзеныя жанчынам (і ў кожнай пяцёрцы кандыдатаў мусяць быць сама меней дзьве жанчыны).
- 15% (18 чалавек) — квота для прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасьці. Парадак іх абраньня будзе вызначацца асобна.
- Адным з выбарчых субʼектаў выступае адкрыты сьпіс самавылучэнцаў. Каб стаць кандыдатам у гэтым сьпісе, трэба сабраць 20 подпісаў ці быць дэлегаваным ад грамадзкай/некамэрцыйнай арганізацыі.
- Кожны выбарнік мае 3 галасы: максымальна можна будзе абраць 3 сьпісы.
- Прахадны барʼер — 3% ад агульнай колькасьці тых, хто прагаласаваў, і 750 галасоў выбарнікаў для кандыдатаў са сьпісу самавылучэнцаў.
- Патрабаваньне да праграмы: выбарчы субъект заяўляе палітычную праграму на пэрыяд прынамсі ў 2 гады і дэкляруе каштоўнасьці (прынцыпы, ідэалёгію), на аснове якіх сфармаваны палітычны субʼект (ня тычыцца сьпісу самавылучэнцаў).
Паўнамоцтвы дзейнага складу Каардынацыйнай рады заканчваюцца 8 лютага 2024 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі наклалі 145 арыштаў на маёмасьць у сябраў Каардынацыйнай Рады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На слуханьнях у Каардынацыйнай Радзе прапанавалі падзяліць мэты вызваленьня палітвязьняў і перамогу над рэжымам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «справе Каардынацыйнай рады» звыш 100 падазраваных. У іх хочуць сканфіскаваць маёмасьць у Беларусі