Лукашэнка паехаў зь візытам у краіны Афрыкі

Зь 9 сьнежня пачынаецца афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў краіны Афрыкі, у рамках якога ён «наведае шэраг краін афрыканскага кантынэнт», паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.

Як вынікае з паведамленьня прэс-службы, гэтым візытам Лукашэнка спадзяецца «ўсталяваць трывалыя сувязі» Беларусі з краінамі Афрыкі і «інтэнсыфікаваць узаемадзеяньне па ўсіх узаемавыгадных напрамках».

Якія менавіта краіны наведае Лукашэнка ў рамках візыту, не ўдакладняецца. Раней ішла гаворка пра магчымы візыт у Экватарыяльную Гвінэю. 8 сьнежня туды прыляцеў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паварот да глябальнага Поўдня. Што ён дасьць Беларусі
  • На тле жорсткага канфлікту з Захадам, калі эканоміка Беларусі значна пацярпела ад заходніх санкцыяў за жорсткае падаўленьне пасьлявыбарчых пратэстаў у 2020 годзе і падтрымку Расеі ў яе вайне супраць Украіны, Лукашэнка імкнецца наладзіць больш шчыльнае супрацоўніцтва з краінамі Азіі і Афрыкі.
  • Так, у верасьні ў Менск прыбылі аташэ ў пытаньнях абароны з 14 краінаў афрыканскага кантынэнту, нядаўна Менск наведаў прэзыдэнт Экватарыяльнай Гвінэі Тэадора Обіянг Нгема Мбасога. У студзені 2023 году Лукашэнка лётаў у Зымбабвэ, у сакавіку — у Іран, у верасьні — у Гвінэю. Таксама ён сёлета ўжо двойчы наведваў Кітай, некалькі разоў лётаў у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, апошні раз — 29 лістапада на сусьветны кліматычны форум.
  • Хоць папярэднія гады шматлікія візыты Лукашэнкі ў краіны ад Віетнаму да Афрыкі не далі істотнага эканамічнага эфэкту, сытуацыя «вымушае Лукашэнку ісьці ў тыя краіны, куды раней ён ісьці ня быў гатовы», тлумачыў Свабодзе кітаіст Цемур Умараў.
  • Як адзначаюць аналітыкі, ідэя саюзу зь незаходнімі дзяржавамі ўзьнікла адразу пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады, пачатку ягонага ідэалягічнага і палітычнага канфлікту з ЗША і ЭЗ. Тады Беларусь уступіла ў Рух недалучэньня і Лукашэнка на саміце гэтага руху выступаў з заклікамі да краінаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі аб’яднацца дзеля барацьбы з Захадам. Але гэтыя памкненьні не супадалі з плянамі галоўнага саюзьніка Беларусі — Расеі, якая шукала паразуменьня і партнэрства з Захадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Значэньне Беларусі для Кітаю зьнізілася, і Лукашэнка ня здольны гэтага зьмяніць, — кітаіст Умараў