Прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацыяў Сэбастыян Коў заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Парыжы, што ні расейскія, ні беларускія лёгкаатлеты ня будуць выступаць у якасьці нэўтральных спартоўцаў у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе.
«У Парыжы вы зможаце ўбачыць нэўтральных спартоўцаў з Расеі і Беларусі, але гэта будзе ня лёгкая атлетыка», — заявіў Коў.
Раней Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў у афіцыйнай заяве падкрэсьліла, што ўсе спартоўцы, дапаможны пэрсанал і афіцыйныя асобы зь Беларусі і Расеі па-ранейшаму адхіленыя ад удзелу ва ўсіх мерапрыемствах асацыяцыі, а таксама ад правядзеньня любых міжнародных ці эўрапейскіх лёгкаатлетычных мерапрыемстваў.
«Мы працягнем сачыць за сытуацыяй, але калі не адбудзецца сур’ёзных зьменаў у абставінах паміж цяперашнім момантам і Алімпійскімі гульнямі, гэтае выключэньне будзе распаўсюджвацца на Парыж 2024 году», — гаворыцца ў заяве.
У ёй адзначаецца, што ў кампэтэнцыю МАК уваходзіць прыняцьце рашэньня аб тым, якія краіны запросяць для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях, але «на міжнародных фэдэрацыях ляжыць адказнасьць вырашаць, якія спартоўцы ў іх відзе спорту маюць права ўдзельнічаць у спаборніцтвах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх спартоўцаў дапусьцілі на Алімпіяду ў Парыжы ў індывідуальным нэўтральным статусе. Каманды не дапушчаныя- 8 сьнежня Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў спартоўцам з беларускімі і расейскімі пашпартамі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе ў нэўтральным статусе. Каманды да ўдзелу не дапускаюцца.
- Спартоўцаў і дапаможны пэрсанал, якія актыўна падтрымліваюць вайну або маюць дамовы зь беларускімі або расейскімі вайсковымі структурамі, органамі нацыянальнай бясьпекі, да спаборніцтваў не дапусьцяць.
- Вядома, што на цяперашні момант кваліфікацыю прайшлі 11 нэўтральных спартоўцы зь Беларусі і Расеі (тры беларусы і восем расейцаў).