Беларускіх спартоўцаў дапусьцілі на Алімпіяду ў Парыжы ў індывідуальным нэўтральным статусе. Каманды не дапушчаныя

Сядзіба Міжнароднага алімпійскага камітэту ў Лязане (Швайцарыя).

Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў спартоўцам з беларускімі і расейскімі пашпартамі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе ў нэўтральным статусе.

У апублікаваным 8 сьнежня прэсавым рэлізе МАК гаворыцца:

«Выканаўчая рада Міжнароднага алімпійскага камітэту вырашыла, што індывідуальныя нэўтральныя спартоўцы, якія прайшлі кваліфікацыю празь дзейныя кваліфікацыйныя сыстэмы міжнародных фэдэрацый на гульнявым полі, будуць дапушчаныя да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе ў адпаведнасьці з умовамі, выкладзенымі ніжэй.

Індывідуальнымі нэўтральнымі спартоўцамі зьяўляюцца спартоўцы з расейскім або беларускім пашпартамі. Да іх будуць прымяняцца строгія ўмовы адбору, заснаваныя на рэкамэндацыях Выканкаму МАК ад 28 сакавіка 2023 году для міжнародных фэдэрацый і арганізатараў міжнародных спартовых мерапрыемстваў».

Вядома, што на цяперашні момант кваліфікацыю прайшлі 11 нэўтральных спартоўцы зь Беларусі і Расеі (тры беларусы і восем расейцаў).

Паводле прэсавага рэлізу МАК, умовы допуску беларускіх і расейскіх спартоўцы на Алімпіяду наступныя:

  • беларускія і расейскія спартоўцы будуць спаборнічаць як індывідуальныя нэўтральныя спартоўцы,
  • каманды да ўдзелу не дапускаюцца,
  • спартоўцы і дапаможны пэрсанал, якія актыўна падтрымліваюць вайну, да спаборніцтваў не дапускаюцца,
  • спартоўцы, якія маюць дамовы зь беларускімі або расейскімі вайсковымі структурамі або органамі нацыянальнай бясьпекі, да спаборніцтваў не дапускаюцца. Тое ж самае тычыцца дапаможнага пэрсаналу,
  • спартоўцы павінны выконваць антыдопінгавыя патрабаваньні,
  • санкцыі супраць адказных за вайну, расейскай і беларускай дзяржаваў і ўрадаў, застаюцца ў сіле. Гэта азначае, што на Алімпійскіх гульнях не дапускаецца выкарыстаньне сьцягоў, гімнаў і іншых сымбаляў Беларусі і Расеі, а прадстаўнікоў уладаў Беларусі і Расеі не запросяць і не акрэдытуюць на Алімпіядзе ў Парыжы.

У студзені 2023 году выканаўчы дырэктар Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін заяўляў, што «толькі спартоўцы з актыўнай антываеннай пазыцыяй могуць удзельнічаць у Алімпіядзе».

У лютым 2023 году Злучаныя Штаты Амэрыкі заявілі, што падтрымліваюць дазвол спартоўцам з Расеі і Беларусі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях, калі яны не дэманструюць свае нацыянальныя сьцягі і гербы.