Што гэта такое і ці зможа чымсьці дапамагчы беларусам Амэрыка, калі ў сьвеце ўсё больш канфліктаў і гарачых пунктаў? Пра гэта Дзьмітры Гурневіч гутарыць з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў замежных справах Валерам Кавалеўскім.
- Стратэгічны дыялёг «Беларусь – ЗША» — гэта пляцоўка для падтрыманьня сталых адносін дэмакратычных сілаў Беларусі з урадам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Яе праца пачалася 6 сьнежня і працягвалася некалькі дзён. Сёньня заключны дзень. За гэты час у Вашынгтоне адбылося шэсьць панэляў ці круглых сталоў, на якіх абмяркоўвалі самыя розныя тэмы, зьвязаныя зь Беларусьсю.
Кавалеўскі: Гэты фармат унікальны. Паводле нашай інфармацыі, прыкладна 50 краін карыстаюцца такімі стратэгічнымі дыялёгамі з ЗША, але сярод іх няма ніводнай структуры, падобнай да беларускіх дэмакратычных сілаў. Гэта скамбінаваная дэлегацыя прадстаўнікоў дэмакратычных структураў і грамадзянскай супольнасьці. І ўпершыню стратэгічны дыялёг праходзіць зь недзяржаўнай арганізацыяй. Менавіта тут абмяркоўвалася, што могуць зрабіць ЗША сёньня або заўтра , каб дапамагчы нам пераадолець унутраны крызіс, каб мы маглі вызваліцца ад шкоднага расейскага ўплыву і пабудаваць новую эўрапейскую Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША Крэймэр: «Найлепшы спосаб дапамагчы Беларусі — гэта дапамога Ўкраіне перамагчы»Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.