МЗС Расеі назвала Сьвятлану Ціханоўскую «афэрысткай». Офіс Ціханоўскай адказаў

Марыя Захарава

«Віленскай афэрысткай», якая «днямі прыехала ў Кангрэс ЗША на паседжаньне Стратэгічнага дыялёгу ЗША – Беларусь, назвала беларускую дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую ў сваім тэлеграм-канале афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Пра гэта інфармуе «Позірк».

Паводле сьцьвярджэньня Захаравай, прадстаўляць Беларусь на падобных падзеях мусяць афіцыйныя асобы або «прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці».

Адзначыўшы, што «самазванка» казала «ў асноўным пра Расею — за гэта і плацяць», Захарава выказала меркаваньне, што амэрыканскі Кангрэс — «гіблае месца для замежных wannabe (у гэтым кантэксьце — тыя, хто імкнецца да кіраваньня) «лідэраў». Захарава прывяла дарэчныя, як яна лічыць, прыклады выступаў там лідэра вэнэсуэльскай апазыцыі Хуана Гуайдо, пра якога «ўжо і не ўспамінаюць», і «лідэра Грузіі» Міхэіла Саакашвілі, які «сядзіць у тбіліскай турме з пашкоджаньнем мозгу».

«Калі Захараву „бамбіць“, значыць, мы ўсё робім правільна», — так пракамэнтаваў выказваньні Захаравай галоўны дарадца дэмакратычнай лідэркі Беларусі Франак Вячорка.

  • З 4 па 8 сьнежня адбываецца візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Злучаныя Штаты Амэрыкі.
  • 4 сьнежня яна выступіла ў Ейльскім унівэрсытэце і заклікала арганізаваць там Беларускі цэнтар.
  • 5 сьнежня ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай прайшлі слуханьні «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», якія арганізаваў падкамітэт у справах Эўропы камітэту міжнародных зносін Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.
  • Падчас слуханьняў абмяркоўвалі палітыку ЗША ў дачыненьні Беларусі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, дапамогу грамадзянскай супольнасьці. На пытаньні амэрыканскіх кангрэсмэнаў адказвала Сьвятлана Ціханоўская.
  • Падчас адкрыцьця слуханьняў старшыня падкамітэту ​Томас Х. Кін-малодшы выступіў з прамовай, падчас якой назваў Аляксандра Лукашэнку «нелегітымным дыктатарам» і падкрэсьліў, што ў 2020 годзе рэжым Лукашэнкі пачаў перасьлед пратэстоўцаў, у тым ліку журналістаў — і згадаў імёны палітзьняволеных журналістаў Радыё Свабода — Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка, адзначыўшы, што цяпер агулам за кратамі знаходзяцца каля 1500 палітвязьняў.
  • 6–8 сьнежня ў Вашынгтоне адбываецца першы Стратэгічны дыялёг ЗША – Беларусь, дзе амэрыканскі бок прадстаўляюць урадоўцы, а беларускі — дэмакратычныя сілы, што знаходзяцца ў апазыцыі да фактычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская

  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам