Цяпер адзёр рэгіструюць у Берасьцейскай, Гомельскай, Менскай абласьцях і Менску. На дзяцей прыпадае 48 працэнтаў выпадкаў заражэньня. Такія зьвесткі ўчора апублікавала Міністэрства аховы здароўя.
Мэдыкі адзначаюць, што ў зоне рызыкі — непрышчэпленыя. На іх прыпадае 74 працэнты выпадкаў захворваньня. А сярод хворых дзяцей гэты паказьнік узьлятае да 90 працэнтаў. Аднак у статыстыку трапляюць ня толькі дзеці, прышчэпку якім вырашылі не рабіць бацькі. Уключаюць і тых, каму яе рабіць яшчэ рана (да аднаго году).
Міністэрсва аховы здароўя падкрэсьлівае, што вакцынацыя — «самы бясьпечны і эфэктыўны спосаб абароны» ад хваробы. Камбінаваная вакцына ад адру, паратыту і краснухі ўваходзіць у Нацыянальны каляндар прафіляктычных прышчэпак, яе робяць бясплатна. Дзяцей прышчапляюць двойчы: у 1 год і 6 гадоў. Лічыцца, што пасьля ўвядзеньня адной дозы ў больш як 95% дзяцей фармуецца доўгачасовы імунітэт, пасьля другой — амаль у 100%.
Пры гэтым чытачы выданьня Onliner паведамляюць аб перабоях з пастаўкамі вакцыны ў паліклініках і прыватных цэнтрах. Журналісты выданьня таксама абзванілі 12 дзіцячых паліклінік гораду. У васьмі зь іх вакцына ёсьць, у адну паступіць сёньня. А вось у трох установах прышчапіцца пакуль нельга. У прыватных мэдцэнтрах сытуацыя больш складаная. Журналісты зьвярнуліся ў тры — вакцыны няма ні ў адным зь іх. Дакладных тэрмінаў паступленьня прэпаратаў не назвалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя паведаміла пра рост захворваньня на адзёр ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне ўвялі штрафы за адмову ад вакцынацыі дзяцей ад адру. А што ў Беларусі?