ГУБАЗіК затрымаў дырэктара аўтадому Mercedes‑Benz
Праўладныя тэлеграм-каналы сьцьвярджаюць, што дырэктар аўтацэнтру «Энергія ГмбХ» нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і пералічваў грошы ў «Фонд салідарнасьці». Таксама на відэа мужчыну прымушаюць назваць свой заробак, піша «Вясна».
Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, дырэктар аўтацэнтру«Энергія ГмбХ» — Сяргей Даніловіч.
ГУБАЗіК затрымаў кіраўніка загараднага клюбу «Фэстывальны»
Паводле інфармацыі «Медиазоны», затрыманы — Генадзь Верамейчык. Сілавікі прымусілі яго сказаць на відэа, што ён удзельнічаў у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту, а ў 2020-м годзе зьняў з тэрыторыі клюбу чырвона-зялёны сьцяг.
Загарадны клюб «Фэстывальны» — адна з найбуйнейшых пляцовак на рынку еvent-паслуг Беларусі. Ён спэцыялізуецца на правядзеньні карпарацыйных захадаў (забаўляльных і навучальных) і прыватных сьвятаў.
Вырак у Менску за зьняты дзяржаўны сьцяг
Суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў пазбаўленьнем волі Аляксандра Кандрацьева паводле арт. 370 Крымінальнага кодэксу «Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў», паведамляюць праваабаронцы. Справу разглядала судзьдзя Алена Жывіца.
Паводле абвінавачаньня, Кандрацьеў увечары 31 ліпеня 2023 схапіў палотнішча дзяржаўнага сьцяга на фасадзе інтэрнату Менскага заводу цывільнай авіяцыі № 407 на вуліцы Чкалава, сарваў яго з мацаваньня, зламаўшы пры гэтым дрэўка, якое ёсьць часткай сьцяга. Скруціў палотнішча сьцяга і забраў з сабой.
Матэрыяльная шкода, нанесеная заводу, склала 130 рублёў 82 капейкі.
Мужчыну вызначылі па запісе з камэры відэаназіраньня і 14 жніўня затрымалі, зьмясьціўшы да суду ў сьледчы ізалятар. У судзе сьцьвярджалі, што Аляксандар быў у стане алькагольнага ап’яненьня.
Суд прызнаў Аляксандра Кандрацьева вінаватым і прызначыў яму 1 год калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 сьнежня: прайшлі ператрусы ў незалежных журналістаў Зьмітра Лупача і Барыса ВырвічаБылога палітзьняволенага зноў затрымалі і зьмясьцілі ў ІЧУ
Уладальніка гаспадаркі зь вёскі Людвіноў Дарагічынскага раёну Ўладзімера Казеку затрымалі 28 кастрычніка пасьля праверкі тэлефону паводле арт. 19.11 ч. 2 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі») — за старыя падпіскі.
Папярэдне вядома, што ў яго адбыўся ператрус, забралі аргтэхніку. 30 кастрычніка ў судзе Янаўскага раёну яго арыштавалі на 15 дзён.
Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Стасевіч. Уладзімера трымаюць у ІЧУ Іванаўскага раёну.
Казеку затрымлівалі 9 траўня 2023 году на памежным пераходзе Тарэспаль — Берасьце, калі ён вяртаўся ў Беларусь. Тады яго тройчы запар судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. У чэрвені ён выйшаў на волю пасьля 43 дзён арышту. Пасьля трэцяга суду Ўладзімер абвясьціў галадоўку і трымаў яе, пакуль ня выйшаў на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 сьнежня: новыя затрыманьні на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ; 2 гады калёніі за ўдзел у пратэстах