У выпусках «Мужыцкай праўды» Кастусь Каліноўскі зьвяртаўся да суайчыньнікаў падчас паўстаньня 1862−1863 гадоў. Агулам выйшла 7 нумароў газэты. Распаўсюджвалася яна ў асноўным у заходніх і цэнтральных рэгіёнах Беларусі.
Цяпер іх агучылі сем вядомых беларусаў: сьпевакі Аляксандар Памідораў, Лявон Вольскі, Руся Shuma і Ўладзімер Пугач, журналіст і блогер Мікіта Мелказёраў, блогер Глеб Сямёнаў, тэлевядоўца і журналіст Дзяніс Дудзінскі.
«Мы лічым важным агучваць ня толькі мастацкую літаратуру, але і беларускія культурныя здабыткі ў іншых жанрах, у тым ліку публіцыстыцы, — патлумачыў „Люстэрку“ заснавальнік выдавецтва Litaralna Ўладзімер Пугач. — Паўтара стагодзьдзя таму адукаваныя, прагрэсіўныя людзі, неабыякавыя да лёсу сваёй краіны, свайго народа, на чале з Каліноўскім, трансьлявалі думкі і сэнсы, якія б варта пачуць і сучасным беларусам. Менавіта таму мы вырашылі, што тут было б добра зрабіць менавіта калектыўны праект».
Гэта чацьвёртая аўдыёкніга ад выдавецтва Litaralna. У лістападзе выйшлі аўдыёвэрсіі
«Кароткай гісторыі Беларусі» Вацлава Ластоўскага, «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча, а таксама «Аповесьці майго часу» Ігнація Янкоўскага.
«Гэта першы сапраўды народны маніфэст, з апорай на рэальнае жыцьцё простых людзей. Тут упершыню гучыць „Досыць!“ і заклік да аднаўленьня, а таксама да самавызначэньня свайго нацыянальнага, культурнага, этнічнага. Што дагэтуль для нас звышактуальна. Асабліва цяпер, калі Беларусь знаходзіцца ў жорсткай акупацыі. Тут ёсьць нават некаторыя рэцэпты для барацьбы», — кажа ўдзельнік праекту Аляксандар Памідораў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да гадавіны паўстаньня 1863-1864 гадоў Budzma склала падборку песень, прысьвечаных паўстаньню. АЎДЫЁ, ВІДЭА