Эпідэмічная сытуацыя абвастраецца ў Берасьцейскай, Гомельскай, Менскай абласьцях і ў Менску. Сярод хворых дзеці ад 0 да 18 гадоў складаюць 48%, пры гэтым больш за 40% — дзеці да 1 года. Сярод дарослых пацыентаў 37% — ва ўзросьце ад 20 да 49 гадоў.
«На гэты момант можна гаварыць пра наяўнасьць практычна аднамомантавага распаўсюджваньня вірусу сярод непрышчэпленых асобаў. Адмыслоўцы рэгіструюцца адзінкавыя заносы інфэкцыі ў паліклінікі, дзённыя стацыянары і ўстановы адукацыі», — цытуе «Позірк» Міністэрства здароўя.
Ведамства падкрэсьлівае, што 74% хворых не прышчэпленыя або ня маюць зьвестак аб вакцынацыі ў анамнезе, сярод хворых дзяцей не прышчэпленыя амаль 90%, таму што або не дасягнулі ўзросту вакцынацыі, або была адмова бацькоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праўда і міты пра вакцынацыюМіністэрства нагадвае, што захворваньне можна прадухіліць пры дапамозе вакцынацыі як самага бясьпечнага і эфэктыўнага спосабу абароны: вакцыны супраць адзёру вельмі эфэктыўныя.
У сувязі з уздымам захваральнасьці ведамства раіць паўналетнім удакладніць свой прышчэпачны статус супраць адзёру і зрабіць прафіляктычныя прышчэпкі, калі адсутнічаюць дакумэнтальныя зьвесткі аб вакцынацыі або аб перанесеным адзёры.
Рэспубліканскі цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя сёлета ў красавіку паведамляў, што ўпершыню з 2021 года ў краіне было выяўлена некалькі хворых на адзёр (у Віцебскай вобласьці). У 2020 і 2022 гадах выпадкаў адзёру не было, у 2021-м захварэлі тры чалавекі.
Вірус звычайна перадаецца празь непасрэдны кантакт, а таксама праз паветра; інфікуе сьлізістую абалонку, а затым распаўсюджваецца па арганізьме. Калі чалавек не хварэў на адзёр, ня мае прышчэпкі і мае зносіны з хворым, імавернасьць заражэньня дасягае 100%. Адзін хворы можа заразіць ад 12 да 18 чалавек.