Дырэктару Веткаўскага музэю стараабрадніцтва не працягнулі кантракт, яго звальняюць з новага году

Пятро Цалка падчас экскурсіі ў Веткаўскім музэі. Архіўнае фота

З 1 студзеня зь Веткаўскага музэю стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава звальняюць дырэктара Пятра Цалку.

З дырэктарам Веткаўскага музэю стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава Пятром Цалкам не працягнулі кантракт. Дзейны кантракт заканчваецца 1 студзеня.

«Цяжка пачынаць пісаць, але павінен прызнацца. Наперадзе апошні месяц маёй працы ў Веткаўскім музэі. Ён будзе такім жа насычаным і чароўным, як і кожны з 12 папярэдніх перадкалядных гадоў майго служэньня музэю. Напярэдадні Калядаў заўжды верылася ў цуд, але, відаць, ня гэтым разам. А можа, я ўжо занадта дарослы, каб верыць у цуды?» – напісаў дырэктар у сваім допісе ў Інстаграм.

Пятро Цалка пачаў працаваць у Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава яшчэ студэнтам — зь верасьня 2011 году. Празь некалькі гадоў ён узначаліў Гомельскі філіял музэю, а пасьля стаў дырэктарам Веткаўскага музэю.

У аснове экспазыцыі Веткаўскага музэю стараабрадніцтва і беларускіх традыцый асабістая калекцыя Фёдара Шклярава (1925–1988), ураджэнца Веткі, выхадца з стараабрадніцкага роду, самадзейнага мастака, калекцыянэра мясцовай даўніны. На падставе яе ў 1978 годзе і быў створаны музэй.