Удзел у сустрэчы таксама бралі прадстаўніца Каардынацыйнай рады Тацяна Марыніч і жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.
Падчас сустрэчы гаворка ішла пра вызваленьня беларускіх палітвязьняў, а таксама доступ да палітзьняволеных празь міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Міжнародны Чырвоны Крыж і ААН.
Абмяркоўвалі таксама падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ Беларусі, новы амэрыканскі Акт у абарону дэмакратыі ў Беларусі, прызначэньне спэцыяльнага пасланьніка ЗША для Беларусі, а таксама наданьне беларусам статусу часовай абароны ў ЗША.
Вечарам у Вашынгтоне адбыўся ўрачысты прыём з нагоды запуску Стратэгічнага дыялёгу з удзелам беларускай дэлегацыі, а таксама сустрэчы з былым намесьнікам дзяржсакратара ЗША Стывэнам Бегунам, былым амбасадарам ЗША у Беларусі Дэніелам Спэкгардам.
Днём Сьвятлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі, а таксама прадстаўніца Каардынацыйнай рады і сястра Марыі Калесьнікавай Тацьцяна Хоміч правялі брыфінг для амэрыканскай экспэртнай супольнасьці ў цэнтры Brookings.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пашырылі санкцыі ў дачыненьні да Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кавалеўскі заявіў пра падрыхтоўку ЗША новага Акту аб дэмакратыі ў БеларусіСтратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.