Паседжаньне працягвалася ня больш за 10 хвілін. Судзьдзя Гражына Завадзкая-Лотка паведаміла, што судовае сьледзтва адноўленае і слуханьні будуць далей праходзіць у закрытым рэжыме.
Удзельнікі працэсу, у тым ліку адвакаты, адмовіліся ад камэнтароў, спасылаючыся на пункт аб канфiдэнцыйнасьці. Адзін з абвінавачаных (беларус ці расеец — не ўдакладняюць), калі яго вывелі з залі суду, у калідоры сказаў журналістам: «Я невінаваты».
Наступнае слуханьне судзьдзя прызначыла на 1 лютага 2024 году. Мужчыны застаюцца пад вартай.
Прысуд у справе павінны былі вынесьці 4 сьнежня. Абодвух падсудных даставілі ў залю суду ў кайданках, адзначае выданьне.
Сёлета ў студзені Варшаўская акруговая пракуратура ўнесла ў акруговы суд Беластоку абвінаваўчую выснову супраць грамадзян Расеі і Беларусі. Іх абвінавацілі ў вядзеньні шпіёнскай дзейнасьці на карысьць расейскай вайсковай выведкі з 2017 па красавік 2022 году. Абодвух затрымалі летась вясной у Беластоку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы за шпіянаж судзяць двух беларусаў — музыку і адстаўнога вайскоўца- Летась у канцы красавіка прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спэцслужбаў Станіслаў Жарын паведаміў аб затрыманьні грамадзяніна Расеі і грамадзяніна Беларусі, якія, паводле зьвестак польскіх службаў, займаліся шпіёнскай дзейнасьцю ў Польшчы.
- Паводле інфармацыі сьледзтва, беларус і расеец здабывалі для ГРУ зьвесткі аб падразьдзелах польскай арміі, якія дысьлякаваліся ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы.
- Абодвум выставілі абвінавачаньні, суд вырашыў часова арыштаваць іх на тры месяцы. Пасьля арышт працягнулі.