5 сьнежня сёлета Алесю Разанаву (1947–2021) споўнілася б 76 гадоў. Сьпявак і аўтар песень Зьміцер Вайцюшкевіч у межах свайго музычнага праекту WZ-Orkiestra выпусьціў новы альбом «Акно». Песьні ў ім напісаныя на словы Разанава.
Альбом складаецца з 13 асноўных і 2 бонусных трэкаў, піша bellit.info.
«Такога альбому ў Тодара [Зьмітра Вайцюшкевіча] яшчэ не было! Цыкаль кампазыцыяў на вершы Баха айчыннае паэзіі. Голас выключна дэклямуе. Музыка штораз вынікае з тэксту, але далей разьвіваецца сама зь сябе. Тонкая гукаграфіка чаргуецца з аркестровым гучаньнем. Тая аркестра паўстае нібыта з чароўнае скарбонкі.
Што рэальнае, што прывіднае, незразумела. Губляесься ў ляндшафтах, ляціш, падхоплены цячэньнем. Раптам то падлучаецца дзіцячы хор, то выбягае фартэпіяна ў духу мінімалізму, разгортваюцца пласты струнных, сьцеляцца слаі духавых, выплывае лягічны арганны акорд... Захапляльна! Невычэрпна!» — піша пра «Акно» паэт, музычны крытык і дасьледчык Віктар Сямашка.
Слухаць альбом можна на большасьці лічбавых пляцовак: Spotify, YouTube, AppleMusic i іншых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra выпусьцілі сьвяточны кліп «Пад ялінкай»Алесь Разанаў — выбітны беларускі паэт і перакладчык. Памёр 26 жніўня 2021 году). Аўтар паэтычных зборнікаў, якія лічыцца этапнымі для беларускай паэзіі, — «Каардынаты быцьця» (1976), «Шлях 360» (1981), «Сума немагчымасьцяў: зномы» (2009). У 1969-м яго выключылі зь ліку студэнтаў БДУ за падпісаньне ліста ў ЦК КПБ за аднаўленьне выкладаньня ва ўнівэрсытэце на беларускай мове. Пры спрыяньні Максіма Танка і Ўладзімера Калесьніка скончыў адукацыю ў берасьцейскім пэдінстытуце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Слова „геній“ зусім не выглядае перабольшаньнем». Літаратары ў памяць пра паэта Алеся Разанава ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галіна, жонка Алеся Разанава: «Для мяне цяпер паглыбіцца ў тое, што было сэнсам жыцьця Алеся — вялікая радасьць, бо ён са мной»