Зь Веткаўскага музэю стараабрадніцтва звальняюць дырэктара

Пятро Цалко падчас экскурсіі ў Веткаўскім музэі. Архіўнае фота

Стала вядома, што зь Веткаўскага музэю стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава звальняюць дырэктара Пятра Цалко.
Дырэктар музэя Пятро Цалко, магчыма, працуе апошні месяц, гаворыцца ў Facebook-акаўнце ўстановы:

«Пятро любіць музэй і ня хоча мяняць працу ў Веткаўскім ні на што іншае. Але 1 студзеня сканчаецца працоўны кантракт зь Пятром Міхайлавічам. І тыя, хто павінен кантракт працягнуць, працягваць яго адмаўляюцца».

Пятро Цалко прыйшоў працаваць у Веткаўскі музэй яшчэ студэнтам, у верасьні 2011 году. Ужо празь некалькі гадоў ён узначаліў гомельскі філіял музэю, а з пачатку студзеня зьяўляецца дырэктарам Веткаўскага музэю.

«Пятро Міхайлавіч — той дырэктар, які сам з задавальненьнем праводзіць экскурсіі і па музэі, і па Ветцы, езьдзіць у экспэдыцыі, прыдумляе новыя праекты», — заявілі ў музэі.

«Але мы яшчэ верым у цуд, тым больш надыходзіць святочны, калядны час», — адзначылі супрацоўнікі музэю.

У аснове экспазыцыі Веткаўскага музэя стараабрадніцтва і беларускіх традыцый асабістая калекцыя Фёдара Шклярава (1925–1988), ураджэнца Веткі, выхадца са стараабрадніцкага роду, самадзейнага мастака, калекцыянэра мясцовай даўніны. На падставе яе ў 1978 годзе і быў створаны музэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі сёлета звольнілі з працы на 58 тысяч чалавек больш, чым нанялі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўлады баяцца мэдыкаў і ці застанецца каму лячыць? Расказваюць аўтарка і гераіня фільму «ГупоЗ» пра рэаліі беларускай мэдыцыны