Белы дом тэрмінова запытаў сродкі на дапамогу Ўкраіне. Тыя, што былі, амаль скончыліся

Заля паседжаньняў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, 25 кастрычніка 2023 году.

У адміністрацыі ЗША да канца году практычна скончацца сродкі для паставак Украіне ўзбраеньняў і тэхнікі. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце, які накіравала сьпікеру Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу дырэктар бюджэтнага ўпраўленьня адміністрацыі Шаланда Янг. Ліст у панядзелак цытуюць агенцтвы.

Як гаворыцца ў дакумэнце, без ухваленьня Кангрэсам новых сродкаў для дапамогі Ўкраіне Белы дом да канца году ня зможа фінансаваць паставак Кіеву зброі і абсталяваньня і тым самым падарве магчымасьці Ўкраіны весьці баявыя дзеяньні супраць расейскіх войскаў.

«Няма ніякага чарадзейнага збанка, у якім знайшліся б сродкі. У нас скончыліся грошы і амаль скончыўся час», — піша Янг.

У кастрычніку прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн накіраваў у Кангрэс запыт на фінансаваньне паставак зброі й іншую дапамогу Ўкраіне і Ізраілю агульнай сумай у 106 мільярдаў даляраў, зь іх на долю Украіны мела прыпасьці каля 60 мільярдаў. Запыт, аднак, дагэтуль не разгледжаны ў Кангрэсе. Частка правых рэспубліканцаў ставяць пад сумнеў вылучэньне сродкаў Украіне, левыя дэмакраты, наадварот, пярэчаць вайсковай дапамозе Ізраілю. Бакі таксама ня могуць дамовіцца ў мностве працэдурных пытаньняў. Кангрэс ухваліў часовы бюджэт да сярэдзіны студзеня, аднак у ім не прадугледжаныя сродкі для Ўкраіны.

Пры гэтым прадстаўнікі абедзьвюх партыяў, у тым ліку сьпікер-рэспубліканец Майк Джонсан, заяўляюць аб неабходнасьці працягваць падтрымку Ўкраіны. Пакуль, аднак, у Кангрэсе няма ніякіх дамоўленасьцяў аб вылучэньні сродкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходні экспэрт прызнаў посьпех Украіны ў вайне з Расеяй у Чорным моры

Як піша ў панядзелак Financial Times, пад пытаньнем і вылучэньне Эўразьвзам абяцаных 50 мільярдаў эўра для Ўкраіны (на пэрыяд да 2027 году). Вугоршчына пагражае заблякаваць ухваленьне самітам ЭЗ 14–15 сьнежня зьменаў бюджэту супольнасьці, дамагаючыся размарожваньня сродкаў з фондаў ЭЗ для Будапэшту. Дадатковыя праблемы стварае перамога вельмі правых на нядаўніх выбарах у Нідэрляндах і рашэньне суду ў Нямеччыне, якое ўзмацніла жорсткасьць правілаў выдаткаваньня ўрадам бюджэтных сродкаў.

Выданьне «Українська правда» ў панядзелак піша, што падчас нядаўняга візыту ў Кіеў міністра абароны ЗША Лойда Остына прадстаўнікі Генэральнага штабу УСУ заявілі яму, што Ўзброеныя сілы адчуваюць патрэбу ў 17 мільёнах снарадаў, а для вызваленьня ўсёй міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны неабходнае фінансаваньне аб’ёмам 350-400 мільярдаў даляраў. Афіцыйна гэта не пацьверджана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO: Расея страціла ва Ўкраіне 300 тысяч забітымі і параненымі

Няясная сытуацыя з аб’ёмамі далейшай дапамогі Ўкраіне адзначаецца падчас перахопу ініцыятывы на многіх участках фронту расейскімі войскамі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі фактычна прызнаў, што летні контранаступ ўкраінскай арміі не дасягнуў усіх пастаўленых мэтаў.

Лідэры краін Захаду, як і дзяржаўны сакратар NATO, заклікаюць надалей аказваць Украіне падтрымку. Пры гэтым яны прызнаюць, што, у прыватнасьці, аб’ёмы паставак боепрыпасаў выявіліся меншымі за абяцаныя.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.