Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Украіны Ірына Верашчук заявіла, што трэба прыцягнуць да адказнасьці ня толькі Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку, а і ўсіх, хто якім-небудзь чынам спрычыніўся да незаконнага вывазу дзяцей з Украіны.
«Мы пабачылі ўжо першыя крокі ўсясьветнай супольнасьці — Пуцін і Львова-Бялова атрымалі ордэры на арышт, а таксама бачым сытуацыю вакол Чырвонага Крыжа ў Беларусі й іншыя сыгналы для дыктатараў Беларусі і Расеі. Але мэханізмы сапраўды выпрацоўваюцца», — паведаміла Ірына Верашчук у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом пасьля свайго візыту ў ЗША.
Паводле яе, на сустрэчах у ЗША абмяркоўвалі пытаньні пошуку дзяцей, якія Расея вывезла і цяпер прыхоўвае ад Украіны.
«Калі Расея кажа, што мае базы і зьвесткі аб 700 тысячах, то няхай пакажуць гэтыя сьпісы. Расея павінна перадаць, прынамсі, праз міжнародныя арганізацыі, няхай гэта будзе, напрыклад, UNICEF (Дзіцячы фонд ААН. — РС), сьпісы, асабліва дзяцей-сірот на вяртаньне ва Ўкраіну або праз трэція краіны», — дадала яна.
Ірына Верашчук адзначыла, што найбольш у гэтай справе дапамагаюць ЗША, якія правялі «калясальную працу ў гэтым кірунку».
«Мы таксама хочам, каб тыя, хто незаконна ўсынаўляў, перамяшчаў і ўсяляк далучаўся да злачынных дзеяньняў у дачыненьні да ўкраінскіх дзяцей, панесьлі пакараньне», — падкрэсьліла віцэ-прэм’ер Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўвяла санкцыі ў дачыненьні да беларускага праўладнага актывіста Аляксея ТалаяЧаму ў публічнай сфэры зьявілася новая лічба вывезеных з Украіны дзяцей
У ліпені 2023 году ўпаўнаважаная Расеі ў правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова апублікавала справаздачу аб сваёй дзейнасьці на пасадзе. З дакумэнту вынікала, што Расея з пачатку ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году «прыняла каля 4,8 мільёна жыхароў Украіны і рэспублік Данбасу, зь якіх больш за 700 тысяч — дзеці».
Марыя Львова-Бялова пераконвала, што «пераважная частка непаўналетніх прыбылі з бацькамі або іншымі сваякамі».
Сярод вывезеных Расеяй дзяцей — каля 1,5 тысячы выхаванцаў установаў для сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у тым ліку 52 дзіцяці зь цяжкімі паталёгіямі.
Цягам 2022 году Марыя Львова-Бялова зрабіла 10 паездак на акупаваную Расеяй тэрыторыю Ўкраіны — у Данецкую, Луганскую, Запароскую і Херсонскую вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менск едзе Марыя Львова-Бялова, на якую ў Гаазе выдалі ордэр на арышт. Што пра яе вядомаСярод памагатых у вывазе ўкраінскіх дзяцей назвалі «байкерскую супольнасьць»
Офіс генэральнай пракуратуры Ўкраіны распаўсюдзіў заяву амбасадара ЗША ў асаблівых даручэньнях у сфэры глябальнага крымінальнага правасудзьдзя Бэт Ван Скаак, у якой яна паведаміла аб датычнасьці да незаконнага вывазу дзяцей з Украіны «некаторых даволі жахлівых няўрадавых арганізацыяў, такіх, як ультраправыя суполкі байкераў».
Бэт Ван Скаак паведаміла пра гэта на канфэрэнцыі «United for Justice. War Crimes against Ukrainian Children» ў Таронта (Канада) у канцы лістапада 2023 году. Паводле яе, «байкерскія супольнасьці» удзельнічаюць у выкраданьні ўкраінскіх дзяцей на часова акупаванай тэрыторыі і вывазе іх праз Расею ў Беларусь.
Амбасадар ЗША ў асаблівых даручэньнях у сфэры глябальнага крымінальнага правасудзьдзя падкрэсьліла, што злачынства агрэсіі павінна быць пакарана, каб іншыя «аўтакраты ўва ўсім сьвеце не лічылі, што могуць рабіць тое самае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандальны сын расейскага генпракурора, Алексін і Шуневіч. Што за байкеры, зь якімі штогод катаецца Віктар ЛукашэнкаШто папярэднічала
17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.
Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэньне. Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны пачаў крымінальнае вядзеньне па факце «прымусовай дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторыяў Данбасу, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай вобласьцяў у тым ліку ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка заявіў, што дзяцей з Украіны вывозілі ў Беларусь яшчэ ў 2021 годзе, да пачатку поўнамаштабнай вайныУ канцы красавіка ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, якая тычыцца прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расею. У ёй адзначаецца, што згодна з нормамі міжнароднага права прымусовая дэпартацыя — гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны расьсьледавацца, а ўсе, хто мае да іх дачыненьне, — панесьці адказнасьць.
У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, зь верасьня 2022 году па цяперашні час у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ня ўтойваюць, што ўкраінскія дзеці праходзяць «патрыятычнае выхаваньне» ў беларускіх летніках